Грошы вырашаюць не ўсё

На тыдні ўвесь свет асабліва сачыў за Украінай: на 24 жніўня прыпаў і Дзень незалежнасці нашай паўднёвай суседкі, і паўгоддзе з пачатку расійскай агрэсіі. Праўда, гэтыя даты прайшлі міма беларускага кіраўніцтва. Таму што ў іх свая вайна — «бітва за ўраджай».

1013675301_0_60_1200_738_1920x0_80_0_0_3ed313b93f9383a09906f09ffd4c3f70.jpg


«Гомсельмаш» павінен працаваць суткамі, дазвол на куплю замежных камбайнаў павінен даваць ці не персанальна віцэ-прэм’ер, у Гродзенскай вобласці «крыху не спраўляюцца з уборкай саломы і дыскаваннем глебы — лусканнем іржышча». А экспарт трэба нарасціць за кошт Зімбабвэ. Менавіта гэтым у асноўным займаліся беларускі кіраўнік і ўрад на тыдні. Нават такая звыклая рэч, як зборы ў школу, у інфармацыйным полі амаль адсутнічала.

Чаму ж у нас атрымаўся такі надзвычай бедны афіцыйны інфармацыйны малюнак тыдня? Можа быць, менавіта таму, што ўраджай, як трапна піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», не здольны даць здачы ў адказ. Колькі з ім не змагайся, а перамога заўсёды на баку тых, хто з ім змагаецца. Так ці іначай, ён будзе пераможаны. Чаго не скажаш, напрыклад, пра тыя ж звыклыя зборы ў школу: тут можа быць і падаражанне «канцыляркі», і ўведзеная з гэтага года школьная форма, што дадаткова б’е па кішэні бацькоў, і незразумелае становішча з COVID-19, усплёск якога ці то ёсць, ці то няма. І пытанне, як дзеці будуць вучыцца, калі ўсплёск усё ж адбудзецца ўвосень, згодна з прагнозамі Мінздароўя…

Карацей, ураджай — тэма пакуль што самая бяспечная. Але ўсё ж падсвядомасць цісне. Колькі б ты не казаў пра тое, што ўсё добра, калі ты ведаеш, што ўсё дрэнна, гэтае «дрэнна» так ці іначай міжволі выскачыць.

На тыдні перш Лукашэнка, а за ім і прапагандысты загаварылі пра дэвальвацыю. Ажно да таго, што менавіта дэвальвацыя выратавала сельскую гаспадарку і краіну. Спачатку Лукашэнка заявіў, што «вырашыў аддаваць даўгі народу», і таму намерыўся друкаваць грошы. Дзіўная логіка: абясцэніць нацыянальную валюту ўшчэнт, каб потым «аддаць даўгі» паперкамі, якія нічога не вартыя. За ім спахапіліся прапагандысты. Ігар Тур у эфіры ТБ заявіў, што «ўмацаваўшы балючай дэвальвацыяй аграрны шкілет, мы атрымалі магчымасць развіваць далей арганізм беларускай эканомікі. Без той дэвальвацыі дзеля аграрнага сектара не было б сёння ў нас моцнай прамысловасці, хімічнага комплексу і нават моднай IT-сферы».

Шчыра кажучы, гэта ўсяго толькі прапагандысцкая траскатня, якая лёгка абвяргаецца нават афіцыйнымі лічбамі. Напрыклад, наш «аграрны шкілет», пра які кажа Тур — іменна «шкілет». Не верыце? Вось сухая статыстыка.

Выпуск прадукцыі сельскай гаспадаркі за 6 месяцаў скараціўся на 3%. У чэрвені скарачэнне аказалася большым, чым у сярэднім за паўгоддзе — 3,5%.

Цэны на сельгаспрадукцыю ад вытворцаў за 6 месяцаў выраслі на 9,7% у параўнанні з пачаткам года. Але гэта ніяк не адбілася на заробках: зарплата ў аграрыяў ніжэй за сярэднюю па краіне, у траўні яна склала 1174 рублі.

Выручка сельгасарганізацый краіны за 5 месяцаў вырасла на 17% у параўнанні з мінулым годам. Аднак гэта намінальны рост, які «з’еўся» інфляцыяй у 17,6% на першае паўгоддзе.

Чысты прыбытак рэзка падскочыў у параўнанні з пяццю месяцамі мінулага года — на 27%. Аднак гэта тлумачыцца вялікай дзяржпадтрымкай. Без уліку дзяржпадтрымкі ў 2022 годзе ўдзельная вага стратных аграрных арганізацый перавышае 50%. Запазычанасць сельгасарганізацый дасягнула рэкорду, склаўшы на 1 чэрвеня 17,2 млрд рублёў. У параўнанні з мінулым годам яна вырасла ў намінале на 7,4%.

Цяпер пра «моцную прамысловасць». За студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2% да паказчыкаў 2021 года. На ўзроўні рэгіёнаў выпуск за 7 месяцаў знізіўся ва ўсіх абласцях і ў Мінску. На 1 жніўня 2022-га запасы непрададзенай прадукцыі дасягнулі сумы ў 8,024 млрд BYN. У параўнанні з сярэднямесячным аб'ёмам вытворчасці складскія запасы на справаздачную дату склалі 72,9% (па Белстаце). То-бок, «моцная прамысловасць» працуе на склад.


У гэтай сітуацыі няма нічога дзіўнага ў тым, што ўлады ўхапіліся за ідэю чарговай дэвальвацыі. Пры ўсіх негатыўных наступствах гэтага кроку дэвальвацыя (абясцэньванне) нацыянальнай валюты мае адзін станоўчы эфект — айчынная прадукцыя становіцца больш таннай (а значыць, і больш даступнай для спажыўца) на знешніх рынках. То-бок, беларускі экспарт патаннее за мяжой, і нашу прадукцыю — чыста тэарэтычна — будуць больш купляць.

Але фішка ў тым, што ў нашай сітуацыі словы «чыста тэарэтычна» з’яўляюцца ключавымі. Бо цяпер праблема экспарту не ў тым, што наша прадукцыя вельмі дарагая. Праблема ў тым, што з-за ўведзеных супраць Расіі і Беларусі санкцый яна проста не можа дабрацца да канчатковага спажыўца, які б яе набыў.

Напрыклад, на гэты год «Беларуськалій» думаў падпісаць кантракт на пастаўку ўгнаенняў у Індыю. Індыйцы нават пагадзіліся абысці фінансавыя санкцыі, прапанаваўшы разлік у рупіях, а не ў доларах. Аднак Indian Potash папрасіў беларускага пастаўшчыка ўдакладніць маршруты дастаўкі, якія ён плануе выкарыстоўваць для перакідкі закупленых Індыяй угнаенняў. На фоне адмовы транзіту калію праз літоўскія парты гэта было істотна.

У выніку кантракт на 1,2 млн тон калію перахапіла канадская кампанія Canpotex. Апроч таго, Indian Potash вырашыла набыць 600 тыс. тон угнаенняў у Ізраілі і 300 тыс. тон у Іарданіі.

Прыкладна тое ж адбылося з Кітаем: беларускія кантракты перахапілі Canpotex і Israel Chemicals.

Да санкцый на Кітай прыходзіліся 15,7% экспарту «Беларуськалія», на Індыю — 13%. Такім чынам, амаль траціна экспарту беларускага прадпрыемства «выпала з ужытку».

І справа тут не ў тым, што беларускі калій занадта дарагі: прынамсі, у 2020 годзе для Кітая ён каштаваў 220 долараў за тону пры сённяшніх коштах у 590 долараў (то-бок, амаль утрая менш). Справа ў тым, што давезці гэты калій да Кітая і Індыі няма як. А таму, колькі не дэвальвуй нацыянальную валюту… Спажыўцы, канешне, будуць аблізвацца на цану, але наўрад ці будуць плаціць за тое, чаго яны не атрымаюць.

Верагодна, новая дэвальвацыя будзе падобная альбо на дэвальвацыю 2009 года, калі народ рынуўся здаваць валюту і закупацца тэхнікай, якая рэзка патаннела (некаторыя набывалі па тры лядоўні і потым не ведалі, што з імі рабіць), альбо на «плаўную дэвальвацыю» 2014-2015 гадоў, калі рубель абясцэніўся на 30%, але цягам двух месяцаў. У любым выпадку чарговая дэвальвацыя не надта дапаможа айчыннай прамысловасці, бо праблема палягае не ў грашах і не ў коштах на тавары. Якімі б яны ні былі таннымі, праблему лагістыкі і санкцый дэвальвацыя не вырашыць.

А вось сакральны заробак «па 500» зноў адсунецца на нявызначаны тэрмін.

І мы ўжо ведаем, калі ў нас адбудзецца дэвальвацыя. Тады, калі чыноўнікі нашага ўрада адназначна нам скажуць, што «дэвальвацыі не будзе». Праўда ж?