Літоўская мытня ўзмацняе надгляд на мяжы з Беларуссю

Літоўская мытня паведаміла пра ўзмацненне працэдуры мытнага надгляду на мяжы з Беларуссю. Так яна забяспечвае кантроль за выкананнем санкцый ЕС.

1020221188.jpg

Пра ўзмацненне працэдуры мытнага надгляду паведамляе прэс-служба літоўскай мытні.

Колькасць мытнікаў на мяжы павялічаць, у выпадку неабходнасці будуць прыцягвацца супрацоўнікі і з іншых ведамстваў. Таксама плануецца актывізаваць метады фізічнага надгляду, піша «З*ркало».

Адпраўнікі, грузаатрымальнікі і перавозчыкі, якія ўжо спрабавалі абысці санкцыі, могуць правярацца дадаткова і больш уважліва

«Мы бачым, што спроб абысці санкцыі не становіцца менш, таму прымаем дадатковыя меры. Тыя кліенты мытні, якіх выкрылі ў спробах абысці санкцыі, не павінны здзіўляцца, калі ў будучыні груз, які перавозіцца імі, акажацца пад павелічальным шклом», — заявіў генеральны дырэктар літоўскай мытні Дарус Жвіронас.

Літоўская мытня таксама агучыла статыстыку: з 1 сакавіка гэтага года, калі Літва ўзмацніла кантроль за выкананнем санкцый ЕС, было зафіксавана больш за 3 тысячы парушэнняў, 1200 фур з Беларусі і Расіі з таварамі не ўпусцілі ў Літву.