Хворымі і дурнымі прасцей кіраваць? Чаму дзяржаве ўсё адно на дактароў і настаўнікаў

Сітуацыя з заробкамі ў сферах медыцыны і адукацыі катастрафічная, паведамляе «Цэнтр новых ідэй». І яе наступствы нас яшчэ толькі чакаюць.

І адукацыя, і медыцына ў Беларусі знаходзяцца па-за прыярытэтамі дзяржавы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

І адукацыя, і медыцына ў Беларусі знаходзяцца па-за прыярытэтамі дзяржавы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Амаль кожны пяты, заняты ў беларускай эканоміцы, працуе ў сферах адукацыі і аховы здароўя. Гэта ні многа ні мала каля 800 тысяч чалавек. Пры тым, што для грамадства гэтыя сферы з'яўляюцца вельмі важнымі, па ўзроўні аплаты працы гэта, на жаль, не прыкметна.

Старыя традыцыі ў новых рэаліях

У савецкай камедыі Эльдара Разанава «Ирония судьбы, или с лёгким паром» Жэня Лукашын заўважыў наконт сваёй прафесіі (лекар) і прафесіі Надзі (настаўніца), што яны самыя важныя прафесіі, самыя патрэбныя. На гэта Надзя адказала, што «мяркуючы па зарплаце — не». Здавалася б, з часу выхаду на экран названага фільма прайшло амаль пяцьдзясят гадоў, але фармальна сітуацыя з заробкамі не змянілася.

Зарплатныя рэйтынгі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі на дадзены момант таксама традыцыйна ставяць на першае месца айцішнікаў, а на ніжнія радкі — прадстаўнікоў такіх сацыяльна значных сфер, як адукацыя і ахова здароўя. Калі месца айцішнікаў абумоўлена міжнароднай канкурэнтаздольнасцю спецыялістаў сферы высокіх тэхналогій, то нізкія пазіцыі заробкаў настаўнікаў і медыкаў, мякка кажучы, выклікаюць пытанні.

Заработныя платы ў сферы адукацыі на траціну ніжэйшыя за сярэднія па краіне, у медыцыне аплата працы таксама ніжэйшая за сярэднюю на 10-15%. Прычым такія суадносіны досыць устойлівыя. Хіба што ў медыцыне на фоне пандэміі ў 2020-2022 гадах заробкі трохі часова падраслі. Але нават у гэтым выпадку ў цэлым па сферы аховы здароўя яны нават не зраўняліся з сярэднімі па Беларусі.


Глядзіце таксама

У першым квартале 2023 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў Беларусі складала 1,7 тысячы рублёў. Для сферы аховы здароўя аналагічная велічыня складае 1,5 тысячы рублёў, а ў адукацыі — 1,2 тысячы. У эквіваленце звыклага беларусам долара ЗША заробкі цяпер упэўнена трымаюцца вышэйшымі за 500 адзінак амерыканскай валюты. Нават з улікам адставання ад сярэдняй па краіне заработная плата ў медыцыне перавышае гэты парог і складае $551, а вось у адукацыі не дацягвае да яго ($441). Аднак, калі адняць з дадзеных сум падаходны падатак і адлічэнні на  сацыяльнае страхаванне, то ў абедзвюх сферах сярэдні заробак акажацца ніжэйшым за запаветныя пяць соцень долараў.

Без рэгіянальных асаблівасцей, акрамя сталіцы 

Хранічнае адставанне заробкаў у медыцыне і адукацыі — з'ява паўсюдная на рэгіянальным узроўні, што нядзіўна, бо гэтыя сферы ў асноўным бюджэтныя, заробкі там рэгулююцца на рэспубліканскім узроўні і не дыферэнцыраваны па тэрыторыі.

На агульным фоне вылучаецца толькі сталіца. Заробкі ў адукацыі і ахове здароўя тут на 20% вышэйшыя за сярэднія па краіне, а ў сталічнай медыцыне дык і зусім пераўзыходзяць іх. Але растлумачыць гэта даволі проста.

Па-першае, сталіца хоць і з'яўляецца асобным рэгіёнам, але гэта ўсё-ткі горад. А параўноўваць адзіны мегаполіс у краіне з іншымі рэгіёнамі, якія ўключаюць сельскую мясцовасць, не зусім карэктна. Па-другое, у сталіцы знаходзяцца вядучыя адукацыйныя і медыцынскія ўстановы, дзе апрыёры сярэднія заробкі будуць вышэйшымі з-за вялікай колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія абслугоўваюць не толькі сталіцу, але і рэспубліку ў цэлым. Па-трэцяе, Мінск дзякуючы сталічнаму статусу канцэнтруе большую частку кіраўнічага апарата. А начальнікі высокай заработнай платай ніяк не абдзелены.


Глядзіце таксама

Міжнародныя параўнанні гавораць не на карысць Беларусі

Занятасць у адукацыі і медыцыне з'яўляецца такой жа значнай для рынкаў працы ўсіх еўрапейскіх краін, як і для Беларусі. Тут наша краіна не выключэнне. З іншага боку, у пытаннях аплаты працы адрозненні вельмі наглядныя і сведчаць яны, на жаль, не на карысць Беларусі.

У большасці краін Старога свету ўзровень аплаты працы ў сферы аховы здароўя адносіцца да сярэдняга ў межах 84-133%. Мінімальнае значэнне — у Грэцыі, максімальнае — у Босніі. Беларусь на гэтым фоне з 88% адносіцца да ліку краін, дзе заробкі ў медыцыне стабільна ніжэйшыя за сярэднія. Аднак тут важна адзначыць два моманты. 

Па-першае, сярэдні заробак у пераважнай большасці краін Еўропы істотна вышэйшы за беларускі. Такім чынам, пры аднолькавых суадносінах аплата працы ў сферы аховы здароўя часцей значна апярэджвае беларускія заробкі. Напрыклад, у Францыі сярэдні заробак у медыцыне ніжэйшы за сярэдні па краіне і мае блізкае да беларускага значэнне (86%). Аднак, з улікам велічыні сярэдняга заробку ў медыцыне (а гэта каля €2 тыс. з улікам сферы сацыяльнай дапамогі), паказчык выходзіць амаль у чатыры разы вышэйшым за беларускі.

Па-другое, у большасці краін, якія акаляюць Беларусь, заробкі ў медыцыне перавышаюць сярэдні ўзровень па краіне, а не адстаюць ад яго. Так, напрыклад, у Польшчы сфера аховы здароўя аплачваецца на 3% вышэй за сярэдні паказчык, у Літве — на 14%, а ў Латвіі — на 16%.

У сферы адукацыі сітуацыя іншая. У дадзеным выпадку Беларусь рэзка вылучаецца сярод іншых еўрапейскіх краін вельмі нізкім узроўнем заробкаў адносна сярэдніх. Падобная сітуацыя, што характэрна, назіраецца ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках. У большасці краін Еўропы ўзровень аплаты працы ў сферы адукацыі адносіцца да сярэдняй аплаты працы ў межах 70-160%. Мінімальнае значэнне — у Беларусі, максімальнае — у Бельгіі.

Адукацыя ў большасці еўрапейскіх краін — гэта і прэстыж, і бізнес, і важная частка гістарычнай спадчыны. Тут размешчаны многія з лідзіруючых у сусветных рэйтынгах адукацыйныя ўстановы. Усё гэта добра прадаецца як на ўнутраным рынку, так і на знешнім. Падвышаючы кар'ерныя перспектывы, а такім чынам і патэнцыйны ўзровень аплаты працы, еўрапейская адукацыя сама па сабе з'яўляецца брэндам. А за падтрыманне ўзроўню такога брэнда трэба плаціць. Таму цалкам заканамерна, што дадзеная сфера прыцягвае высокааплатных спецыялістаў.


Глядзіце таксама

Без вясёлкавых перспектыў

Сітуацыю з аплатай працы ў беларускіх ахове здароўя і адукацыі ў параўнанні з іншымі краінамі Еўропы, асабліва з суседнімі, тлумачыць вялікі адток кадраў. Нягледзячы на значныя моўныя і бюракратычныя бар'еры многія беларускія настаўнікі і медыкі імкнуцца выехаць з Беларусі ў іншыя краіны. Прычын для гэтага нямала, і, на жаль, пытанне аплаты працы — толькі адна з іх. Пасля 2020 года сацыяльна-палітычны крызіс і «асаблівы беларускі шлях» пераадолення пандэміі толькі ўзмацнілі адток кадраў з дадзеных сфер.

Сітуацыя з кадравым дэфіцытам больш заўважная ў беларускай ахове здароўя. Прыгожыя даныя, якія прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт, рэзка кантрастуюць з афіцыйнай рыторыкай, дзе праблема недахопу медыцынскага персаналу гучыць усё часцей. Пры гэтым праблем з кадрамі ў сістэме беларускай адукацыі ніяк не менш: ад недахопу настаўнікаў пачатковых класаў да ўзроставага ўзроўню вядучага прафесарска-выкладчыцкага складу беларускіх ВНУ.

З кожным годам кадравыя праблемы ў медыцыне і адукацыі ў Беларусі будуць толькі пагаршацца. Пры гэтым меры, якія прымае ўрад, не толькі нізкаэфектыўныя, але часцяком і контрпрадуктыўныя. Вырашаць пытанне павышэннем узроўню аплаты працы профільныя органы дзяржаўнага кіравання, гледзячы па ўсім, не ўяўляюць магчымым або мэтазгодным. А ўвядзенне «драконаўскіх» мер замацавання спецыялістаў, якія раней навучаліся на бюджэтнай аснове, будзе толькі адпужваць моладзь ад занятасці ў гэтых сферах. 

Інтэграцыя ў агульнаеўрапейскую адукацыйную і навуковую прастору магла б дапамагчы, але за апошнія гады міжнародная кааперацыя аказалася практычна разбуранай дзеяннямі ўлад Беларусі. У выніку кадравы патэнцыял беларускай адукацыі і аховы здароўя ўсё мацней дэградуе, а высакакласныя, пераважна маладыя і найбольш канкурэнтаздольныя спецыялісты ўсё часцей пакідаюць краіну.