Яшчэ адна беларуская IT-кампанія перавезла бізнес у Еўропу

Чарговая IT-кампанія з ПВТ — дызайн-цэнтр электронікі Promwad — перанесла цэнтр распрацоўкі з Мінска ў Вільню і перавезла туды з Беларусі большую частку супрацоўнікаў.

fb270112_xtzq7.png


«Калі ласка, звярніце ўвагу: штаб-кватэра Promwad знаходзіцца ў Вільні, а асноўны інжынерны штат пераехаў у Латвію, Літву і іншыя лакацыі за межамі Беларусі і Расіі» — напісалі супрацоўнікі кампаніі.

Promwad — дызайн-цэнтр электронікі, заснаваны беларусам Раманам Пахолкавым. Кампанія распрацоўвае электроніку для тэлевізараў, аўтамабіляў, прамысловасці. У мінскім цэнтры распрацоўкі працавалі каля ста чалавек, адзначае devby.io.

«Гісторыя Promwad пачалася ў 2004 годзе ў Беларусі. Мы сталі першай у краіне прыватнай кампаніяй, якая забяспечвала поўны цыкл распрацоўкі электронікі: ад канцэпцыі да запуску серыйнай вытворчасці. Інжынеры з Беларусі, Украіны і Расіі працавалі над праектамі для сусветных брэндаў і стваралі ўласную бізнес-экасістэму. У выніку Promwad стаў найбуйнейшым незалежным дызайн-цэнтрам электронікі ва Усходняй Еўропе», — распавялі ў кампаніі.

З 2014 года кампанія паступова пераводзіць бізнес у ЕС.

«Сёння Promwad — гэта па-сапраўднаму міжнародная кампанія са штаб-кватэрай у Вільні. У нас па-ранейшаму працуюць інжынеры і менеджары з Украіны, Расіі і Беларусі. Частка з іх — супрацоўнікі нашай юрыдычнай асобы ў ПВТ», — кажуць у кампаніі.

Promwad («ПРМ Софт») па-ранейшаму знаходзіцца ў спісе рэзідэнтаў ПВТ.

HR-дырэктар Promwad Дар'я Гора патлумачыла, чаму Promwad не плануе поўнасцю закрываць офісы ў Беларусі і Расіі:

«Па-першае, у нас ёсць абавязацельствы па запушчаных праектах: мы працягваем распрацоўваць электроніку і софт па кантрактах, якія былі падпісаныя яшчэ летась. Мы шануем рэпутацыю і не можам пакінуць сваіх кліентаў на паўдарогі да запуску ўласных прадуктаў.

Па-другое, мы будавалі гэты бізнес і інжынерную супольнасць вакол Promwad больш за 18 гадоў. Гэта стала магчымым дзякуючы моцнай інжынернай школе ў Беларусі і мясцовым спецыялістам з унікальнымі ведамі. Мы верым, што кожны інжынер павінен мець магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял незалежна ад таго, дзе ён жадае жыць».