Колькі будуць каштаваць Еўрагульні для Беларусі
Толькі цырымонія адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў будзе каштаваць 12 мільёнаў долараў, паведамляе «Радыё Свабода».
Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Беларусі сёлета ў чэрвені, павінны стаць галоўнай спартовай падзеяй году. Свабода паглядзела, колькі будзе каштаваць для Беларусі арганізацыя гэтых спаборніцтваў.
Адкрыццё і закрыццё за 12 мільёнаў долараў
На цырымонію адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў патрацяць 25 мільёнаў рублёў, або 12 мільёнаў долараў. Гэта вынікае з тэндэра, размешчанага на сайце дзяржзакупак.
Тэндэр выйграла расейская кампанія «Арт-Сити-5», якую ўзначальвае расейскі артыст і кампазітар Ігар Круты.
На рахунку кампаніі такія праекты, як адкрыццё 7-х зімовых Азіяцкіх гульняў у Астане ў 2011 годзе, Усясветная ўнівэрсіяда ў Казані ў 2013 годзе, чэмпіянат свету па водных відах спорту ў Казані ў 2015 годзе і некалькі творчых конкурсаў, паведамляе афіцыйны сайт Еўрагульняў.
Як кошт Еўрагульняў вырас з 30 мільёнаў долараў да 72 мільёнаў
З бюджэту Беларусі на 2019 год вынікае, што фонд дырэкцыі Еўрагульняў атрымае 72 мільёны долараў, або звыш 153 мільёнаў рублёў. На што канкрэтна пойдуць грошы, невядома.
Але яшчэ ў кастрычніку 2016 году тагачасны міністр спорту Аляксандр Шамко ацэньваў кошт Еўрагульняў у 30–40 мільёнаў долараў. Пазней Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра 50 мільёнаў долараў і казаў, што гэта «слёзы для краіны».
І гэта яшчэ не ўсё
77 мільёнаў рублёў, або амаль 36 мільёнаў долараў па сённяшнім курсе, выдзеліў на Еўрагульні з прэзідэнцкага фонду Аляксандр Лукашэнка. Гэта замацавана ва ўказе 315 за ягоным подпісам.
Грошы маюць пайсці на капітальны і бягучы рамонт, добраўпарадкаванне Палаца спорту, а таксама рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту і па тэнісе. Яшчэ за гэтыя сродкі плянуецца падрыхтаваць спартыўныя аб’екты па месцы пражывання ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў і інтэрнаты для рассялення часткі студэнтаў са «Студэнцкай вёскі».
Атрымліваецца, Еўрагульні будуць каштаваць не менш за 107 мільёнаў долараў. Карэспандэнт Свабоды звярнуўся ў дырэкцыю па правядзенні Еўрагульняў, каб удакладніць канчатковы кошт гэтага мерапрыемства для Беларусі, але там адказалі, што «не валодаюць інфармацыяй».
Выдаткі на Еўрагульні не ўлічваюць рэканструкцыі стадыёну «Дынама», дзе будуць адбывацца асноўныя спаборніцтвы. Як вядома, на рамонт менскай арэны было патрачана 150 мільёнаў долараў — адно табло абышлося ў 1,5 мільёна.
Абутак за 48 тысяч долараў і 5877 ложкаў для Студэнцкай вёскі
Як і падчас чэмпіянату свету па хакеі, аматарам гульняў прапануюць жыць у Студэнцкай вёсцы ў Менску. Дзеля гэтага БДУ закупляе 5877 ложкаў з матрацамі, што вынікае з тэндэру з сайту дзяржзакупак. Колькі будуць каштаваць ложкі, не паведамляецца.
Абутак і ўніформу для людзей, якія будуць арганізоўваць харчаванне для ўдзельнікаў Еўрагульняў, закупяць за 103 тысячы рублёў, або 48 тысяч долараў (усяго 21 камплект).
Павільён для арганізацыі харчавання ўдзельнікаў Еўрагульняў у Студэнцкай вёсцы будзе каштаваць як мінімум 241 тысячу долараў, абсталяванне закупляюць адразу па чатырох тэндэрах.
Афіцыйны бюджэт I Еўрагульняў у Баку быў 1,12 мільярда еўра. Беларускія ўлады адразу заяўлялі, што ў Беларусі абыдуцца сціплейшай сумай.