Лёс бізнэсу нявызначаны
Кіраўнікі прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу чакаюць, якія змены будуць у эканоміцы краіны бліжэйшым часам. І ўжо кіруючыся новымі ўмовамі будуць вызначаць лёс сваіх прадпрыемстваў.
Кіраўнікі прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу чакаюць, якія змены будуць у эканоміцы краіны бліжэйшым часам. І ўжо кіруючыся новымі ўмовамі будуць вызначаць лёс сваіх
прадпрыемстваў.
Паводле інфармацыі Пасольства Польшчы ў Беларусі, найбольш беларускіх прадпрыемстваў з польскімі інвестыцыямі знаходзіцца ў Брэсце. Другое месца па колькасці сумесных прадпрыемстваў займае
Мінск, трэцяе — Гродна. На пачатак бягучага года было зарэгістравана 580 кампаній з удзелам польскага капіталу. У асноўным інвестыцыі накіроўваюцца ў гандаль, транспарт і сувязь, сельскую
гаспадарку. Таксама польскія інвестары сталі ўкладваць капітал у фармацэўтыку, вытворчасць адзення.
«Што датычыцца аб’ёмаў сумеснага тавараабароту Беларусі і Польшчы, то, паводле ацэнак спецыялістаў, яго мяжа — 6 мільярдаў долараў. І да такой лічбы мы мусім імкнуцца
ў нашым узаемным гандлі», — заявіў у час трэцяга эканамічнага форуму беларускіх прадпрыемстваў з польскімі інвестыцыямі «Прадпрымальніцкая дзейнасць у РБ ва ўмовах
фінансавай нестабільнасці» першы дарадца пасольства Польшчы ў Беларусі Веслаў Пакладэк.
Па дадзеных афіцыйнай беларускай статыстыкі, таваразварот паміж гэтымі дзвюма краінамі расце: у 2009 годзе сумесны тавараабарот склаў 1,6 мільярда долараў, у 2010 годзе — 1,9 мільярда
долараў. За 9 месяцаў гэтага года, па дадзеных Міністэрства эканомікі Польшчы, тавараабарот склаў 2,2 мільярда долараў. Рост тавараабароту паміж краінамі пацвердзіў і кіраўнік палітыка-эканамічнага
аддзела, намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш. Аднак ён дадаў, што польскія бізнэсоўцы «адчуваюць палітычную напружанасць у Беларусі і з асцярогай глядзяць на ўкладанні ў
краіну».
Спадар Пакладэк мяркуе, што ёсць магчымасць дарасці і да максімальнай лічбы. У Польшчу з Беларусі вывозяць найперш нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, неапрацаваныя лесаматэрыялы. Сюды імпартуецца
свініна, садавіна, гародніна, металаканструкцыі з чорных металаў.
Па капіталаўкладаннях у беларускую эканоміку Польшча займае 10–12-е месца. У 2010 годзе польскія кампаніі інвеставалі ў Беларусь каля 27 мільёнаў долараў, за 9 месяцаў бягучага года
— каля 13,4 мільёна долараў. Разам з тым шэраг кампаній, па словах Веслава Пакладэка, на час прыпынілі сваю інвестыцыйную дзейнасць у сувязі з крызісам у Беларусі і цяпер чакаюць паляпшэння
эканамічных умоў для вядзення бізнэсу.
Першы дарадца пасольства Польшчы ў Беларусі Веслаў Пакладэк гаворыць, што будучыня эканамічных адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю будзе залежаць ад стабільнасці эканамічнай сістэмы тут. У
адваротным выпадку бізнэсоўцы скіруюць сваю ўвагу на Расію.
«Уступленне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору, канешне, мае значэнне для міждзяржаўных адносінаў. Але перспектывы паўстануць толькі ў выпадку, калі эканоміка Беларусі будзе
стабільнай, цяпер многія глядзяць сюды, каб уладкавацца. Лібералізацыя, прыватызацыя, калі гэтыя працэсы будуць, то ёсць шанцы на прыток капіталу. Як гэтага не будзе, то, самі ведаеце, абяруць Расію.
Там ёсць лепшыя шанцы на стабільнасць у эканоміцы, ёсць просты выбар — або-або, — гаворыць Веслаў Пакладэк. — У дзелавых адносінах, дзякуй Богу, вялікіх праблем няма.
Праўда, тут ёсць праяўленні, што з’яўляюцца вынікам праблем у эканоміцы. Напрыклад, неплацяжы. Гэтая праблема пастаянна паглыбляецца, ёсць вялікія неплацяжы польскім прадпрыемствам. Пра
іншых я проста не ведаю».
Аб глабальнай пагрозе нарастання крэдыторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў гаворыць і эканаміст Леанід Злотнікаў. «Сёлета нашы прадпрыемствы нарасцілі сваю запазычанасць на 1
мільярд долараў за паўгода. Яны свой крызіс папросту адкладвалі. Гэты працэс будзе няцяжка працягваць і далей. Але пасля таго, як панізіўся міжнародны крэдытны рэйтынг Беларусі, некаторыя пасольствы
рэкамендуюць сваім фірмам працаваць па перадаплаце, — гаворыць эксперт. — Міжнародны валютны фонд паказаў, што ў Беларусі няма рэсурсаў пакрываць пазыкі. Мы жылі ў доўг і, здавалася
б, цяпер перайшлі да жыцця па сродках, хаця раней беларусы спажывалі ў сярэднім на 15% больш, чым выраблялі. Цяпер мусім разлічыцца за старыя пазыкі. Мяне часта пытаюць, калі будзе дэфолт. І я кажу,
што дэфолт будзе тады, калі дзяржава не справіцца са сваімі пазыкамі. Але ў нас цяпер найбольшая праблема з прадпрыемствамі-даўжнікамі».
Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што ў Беларусі застаецца найбольшы спажывец валюты — інвестыцыйная дзяржпраграма. І калі будуць вернутыя затрачаныя на яе сродкі — невядома.
«Краіна ў няўстойлівым стане, прагнозы рабіць складана, — гаворыць эканаміст. — Але, калі не будзе глабальных зменаў у лібералізацыі дзяржаўнага курсу, то можна чакаць, што
будзе працягвацца стагнацыя. І нават калі і будзе стабілізацыя за кошт знешніх крыніц, то ненадоўга».
Пасольства Польшчы перад гэтым эканамічным форумам рабіла апытанне кіраўнікоў прадпрыемстваў з польскім капіталам, што працуюць у Беларусі. Рэспандэнты сярод найбольш трывожных фактараў для
сваёй працы назвалі непрагназуемы курс рубля, недахоп валюты, высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, нестабільнасць заканадаўства, празмернае рэгуляванне ў эканоміцы, рознае стаўленне мясцовых уладаў
да фірмаў з замежным капіталам, карупцыю. Бізнэсоўцы адзначылі, што найперш хацелі б бачыць паніжэнне падатковай нагрузкі, рэфармаванне эканомікі і лібералізацыю.
Юрыст камерцыйнай практыкі кампаніі Revera Conslting Group Дзмітрый Зікрацкі падкрэслівае, што ацэньваць эфектыўнасць геапалітычнага ўтварэння Адзіная эканамічная прастора і яго рэальны ўплыў на
стасункі Беларусі з іншымі дзяржавамі пакуль зарана, бо ў доступе няма шэрагу датычных дакументаў, няма і правапрымяняльнай практыкі.
«Гаварыць аб развіцці адзінай эканамічнай прасторы можна толькі ў выпадку наяўнасці добрай палітычнай волі бакоў. Калі гэтая эканамічная інтэграцыя, як яна ідзе цяпер, — Мытны
саюз з ліпеня 2010 года, Адзіная эканамічная прастора з 2012 года, кадыфікацыя ўсіх пагадненняў з 2015 года, як гэта прадугледжана ў апошнім пагадненні Еўразійскай эканамічнай камісіі, —
калі гэта ўсё будзе рухацца, то Адзіная эканамічная прастора будзе працаваць. Калі палітычнай волі не будзе, то АЭП у тым выглядзе, як гэта запраграмавана, працаваць не будзе», —
падкрэслівае Дзмітрый Зікрацкі.