Мікалай Снапкоў: ВУП Беларусі напалову залежыць ад Расіі

Эканамічны рост у Беларусі прыкладна напалову залежыць ад Расіі, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.



snapkou.jpg

«Уплыў падзей у расійскай эканоміцы на беларускую - бясспрэчны. На дадзены момант наш ВУП прама ці ўскосна напалову залежыць ад Расіі», — сказаў міністр.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў 2015 годзе дынаміка ВУП у Расіі наўрад ці істотна паўплывае на выкананне зацверджанага ў Беларусі прагнозу па тэмпах эканамічнага росту (на ўзроўні 0,2-0,7%). На думку Снапкова, нават у выпадку некаторага зніжэння ВУП Расіі ў наступным годзе попыт на беларускую прадукцыю будзе захоўвацца. «Ад такіх тавараў, як прадукты харчавання і нафтапрадукты, якія мы сёння ў вялікім аб'ёме пастаўляем у Расію, адмаўляюцца ў апошнюю чаргу. Таму мы не чакаем зніжэння экспарту гэтых тавараў у Расію», — сказаў міністр.
Экспарт прадукцыі беларускага машынабудавання ў будучым годзе таксама не павінен знізіцца, лічыць Снапкоў. «Што тычыцца экспарту нашых інвестыцыйных тавараў (у першую чаргу прадукцыі машынабудавання), то ён, паводле нашых ацэнак, ужо дасягнуў ніжняй адзнакі. Мы мяркуем, што інвестыцыйны экспарт у фізічным выражэнні захаваецца ў 2015-м, як мінімум, на ўзроўні гэтага года», — сказаў кіраўнік Мінэканомікі.
З улікам вышэйпералічаных фактараў, дадаў ён, «мы не схільныя ўвязваць магчымасці нашага эканамічнага росту ў будучым годзе з параметрамі ў Расіі». «Зніжэнне ВУП у Расіі, калі і адбудзецца ў 2015 годзе, наўрад ці будзе вялікім», — адзначыў Снапкоў.
Паводле яго слоў, «адным з галоўных фактараў, які ўплывае на сітуацыю ў Расіі, — кошты на нафту». «Калі кошт на нафту будзе не ніжэй за 80 даляраў за барэль, такі ўзровень для Расіі і для нашай эканомікі будзе цалкам камфортным», — сказаў міністр эканомікі.
Пры гэтым ён удакладніў: зніжэнне коштаў на нафту ніжэй за гэты ўзровень непажадана, паколькі вядзе да некаторага некрытычна памяншэння дадатнага сальда ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. «Калі казаць пра ўплыў гэтага фактару (коштаў на нафту  —  БелаПАН.) на нашу краіну, то зніжэнне коштаў на нафту на 1 долар азначае для нас змяншэнне на 20 мільёнаў долараў сальда ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі ў гадавым вымярэнні», — сказаў Мікалай Снапкоў.
БелаПАН