Мінфін адмовіўся прывязаць зарплату чыноўнікаў да сярэдняй па Беларусі

Больш за 1100 чалавек падпісаліся пад петыцыяй, у якой патрабавалі прывязкі зарплаты чыноўнікаў да сярэдняй па краіне. Аднак, Міністэрства фінансаў палічыла такую просьбу «немэтазгоднай» і патлумачыла чаму.

10d5531064ea852036079905629adee0.jpg

«Дыферэнцыяцыя заработнай платы ажыццяўляецца ў залежнасці ад складанасці і напружанасці працы, ўзроўню кваліфікацыі работнікаў. Для кожнай пасады вызначаны канкрэтныя ўмовы аплаты працы», — выказаў сваё меркаванне намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.
«Дзеючая цэнтралізаваная сістэма аплаты працы дзяржаўных служачых выбудаваная па ўсіх катэгорыях работнікаў і змяненне памеру заработнай платы кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання (на ўзроўні сярэдняй зарплаты па краіне, вобласці, раёна, выбарчай акругі) аўтаматычна прывядзе да змены яе памераў для ўсіх работнікаў дзяржаўных органаў, што ўяўляецца немэтазгодным і не можа быць падтрымана», — удакладнілі ў Мінфіне.
У петыцыі, размешчанай на сайце «Зручны горад», гаворыцца, што «для сацыяльнай справядлівасці прапануем прыраўняць зарплаты старшыняў райвыканкамаў да сярэдняй па раёне, старшыняў аблвыканкамаў да сярэдняй па вобласці, міністраў і прэзідэнта да сярэдняй па краіне, зарплату дэпутатаў прыраўняць да сярэдняй па выбарчай акрузе».
Таксама аўтары петыцыі ўпэўненыя, што такія меры «адновяць сацыяльную справядлівасць», а таксама дапамогуць чыноўнікам і заканадаўцам «працаваць на карысць народа». Акрамя таго, гэта дапаможа выраўнаваць «рэальныя зарплаты да прадукцыйнасці працы, што спрыяльна адаб'ецца на інфляцыі».
telegraf.by