Мінфін: Рашэнне агенцтва Moody's прынятае без усебаковага аналізу сітуацыі ў эканоміцы Беларусі

Міністэрства фінансаў Беларусі пракаментавала рашэнне рэйтынгавага агенцтва Moody's Investors Service аб пастаноўцы рэйтынгу Рэспублікі Беларусь (В3/прагноз "негатыўны") на перагляд з магчымасцю паніжэння.



moody_pic4_452x302_4214.jpg

"Гэтае рашэнне, на наш погляд, прынятае без усебаковага аналізу сітуацыі ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні Мінфіна.


Зазначаецца, што планавыя двухдзённыя кансультацыі аналітыкаў агенцтва з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі пройдуць у Мінску 25—26 лютага.


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's Investors Service раней паведаміла, што паставіла на перагляд рэйтынг эмітэнта B3 і еўрааблігацый Беларусі з мэтай паніжэння. Як гаворыцца ў паведамленні Moody's, гэта звязана з аслабленнем нацыянальнай валюты і павышэннем рызыкі зніжэння тэмпаў эканамічнага росту.
 

"Павялічылася нагрузка на плацежны баланс. Беларусь страціла больш як 30% сваіх валютных рэзерваў, бо яе валюта апынулася пад націскам у снежні 2014 года", — гаворыцца ў паведамленні. Зазначаецца таксама, што цяперашні ўзровень афіцыйных міжнародных рэзерваў вельмі невялікі, а ўрад моцна залежыць ад знешніх крыніцаў падтрымкі ліквіднасці.


Аналітыкі Moody's указваюць на павышаную рызыку больш нізкіх тэмпаў эканамічнага росту і патэнцыяльную магчымасць вываду расійскай фінансавай падтрымкі з-за пагаршэння эканамічных умоў у Расіі.


"Як вынік чаканага эканамічнага спаду ў Расіі, <...> эканамічны рост Беларусі ў 2015 і 2016 гадах можа запаволіцца або стаць адмоўным з-за зніжэння попыту ў Расіі ці расійскіх прамых замежных інвестыцый", — гаворыцца ў паведамленні Moody's. Аляксей Арэшка, БелаПАН