Мінлясгас прызнаў павелічэнні аб’ёмаў высечкі ў лясах

У Беларусі павялічыліся аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка. Па яго словах, высечкі абумоўленыя паспяваннем лясоў.

shatravko.jpg


«Так, сапраўды мы пачалі больш секчы, але секчы мы пачалі больш, таму што ў нас пачалі спець лясы. Калі ў 1988 годзе ў рэспубліцы было 2,6% саспелых лясоў, то зразумела, што практычна рыхтаваць няма чаго было. На сёння мы маем 18% саспелых лясоў, адпаведна, мы, як і сельская гаспадарка, як і любы гаспадар руплівы павінны прыбіраць ураджай, які паспеў. Таму мы, у прынцыпе, і робім», — цытуе чыноўніка REFORM.by.

Паводле яго слоў, для кожнага лясгаса складаецца праект на 10 гадоў. Усе ўчасткі лясных насаджэнняў ўжо аблічбаваныя, вядомыя іх характарыстыкі. Для высечак галоўнага карыстання бяруцца толькі саспелыя лясы.

«Вырабляем разлік у цэлым па лясгасе на 100 гадоў, як будзе змяняцца разліковая лесасека, у залежнасці ад таго, як гэтыя лясы будуць спець. І якраз такі пры зацвярджэнні разліковай лесасекі мы зыходзім з прынцыпу невычэрпнасці лесакарыстання. Мы бачым перспектыву 20-, 30-гадовую і выразна разумеем, што ў нас будзе ў гэтым лясгасе праз такі прамежак часу», — растлумачыў Шатраўка.