МЗС спадзяецца, што Украіна адменіць рашэнне аб увядзенні пошлін на беларускія малако, шыны, халадзільнікі

Пасля спецнарады ў Аляксандра Лукашэнкі і ўвядзення беларускім урадам абмежавальных пошлін на імпарт украінскага піва, Міжведамасная камісія Украіны па міжнародным гандлі (МКМГ) «па выніках расследавання дыскрымінацыйных або недружалюбных дзеянняў з боку Беларусі» прыняла рашэнне ўвесці пошліны на імпарт цэлага шэрагу тавараў з Беларусі. Украіна уводзіць загараджальныя пошліны на малочную прадукцыю, кандытарскія вырабы, піва, электралямпы напальвання, угнаенні, шыны, халадзільнікі.



belarus_products_ukraine.jpg

Напярэдадні ўступлення ў сілу рашэння МКМГ прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык распавёў, як будзе развівацца сітуацыя, калі Кіеў не адменіць рашэння МКМГ.
«Асаблівы, прэферэнцыйны, гандлёвы рэжым з краінамі — членамі дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года дзейнічае толькі ў тым выпадку, калі яны не ўводзяць у адносінах да беларускіх тавараў абмежавальных мераў, не прадугледжаных названай дамовай. Выключэнне складаюць спецыяльныя ахоўныя меры (антыдэмпінгавыя, кампенсацыйныя і іншыя пошліны), якiя ўводзяцца ў парадку, які адпавядае нормам СГА. Прынятыя ўкраінскім бокам крокі да такіх не належаць», — адзначыў прадстаўнік беларускага МЗС.
«Калі ўкраінскія рашэнні ўступяць у сілу, мы вымушаныя будзем прымаць меры адэкватнага рэагавання. Хоць спадзяемся, што па негатыўнаму сцэнары падзеі развівацца не будуць, бо гэта не адпавядае духу і ўзроўню ўзаемадзеяння паміж нашымі брацкімі краінамі», — цытуе Дзмітрыя Мірончык БелТА.
Як стала сёння вядома, Беларусь адмяняе часовае ліцэнзаванне паставак тавараў з краін — членаў дагавора аб зоне свабоднага гандлю ў СНД.
«24 ліпеня прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь падпісана пастанова (№ 719), якая здымае асцярогі, якія мелі месца ў нашых партнёраў па СНД, адносна доступу іх тавараў на беларускі рынак», — заявіў Дзмітрый Мірончык.
nn.by