Прыбярыце з беларускага ўрада фанатаў Маякоўскага!

«Нашых планаў люблю я веліч» — тыя, хто прайшоў савецкую сістэму адукацыі, напэўна не забыліся на гэтыя радкі Уладзіміра Маякоўскага. І падобна, хтосьці з паслядоўнікаў паэта акапаўся ў беларускім урадзе. Мы рэгулярна бачым веліч планаў. Якія, як правіла, не спраўджваюцца. 

maxresdefault__1__22.jpg

Наша Мінэканомікі ў чарговы раз падрыхтавала праект стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. З яе мы даведаліся, што мэтай развіцця краіны заяўлены «рост якасці жыцця насельніцтва на аснове дасягнення высокай устойлівасці нацыянальнай эканомікі з дапамогай развіцця чалавечага і навукова-тэхналагічнага патэнцыялаў, лічбавай індустрыі, стварэння рынкавых інстытутаў канкурэнтнага асяроддзя, фарміравання бізнес-мадэляў на прынцыпах рэсурсаэфектыўнасці пры захаванні прыродных экасістэм і забеспячэнні экалагічнай бяспекі».

Апраўданне для такіх фармулёвак, мабыць, толькі адно: гэта «мэта», якая ніколі не будзе дасягнутая. Бо адна справа — дэклараваная «мэта», а іншая — рэальныя дзеянні, якія наўпрост супрацьлеглыя дэклараванай мэце. Не, можна вядома, сказаць, што ў насельніцтва, якое працягвае пакідаць краіну, расце якасць жыцця — толькі расце яна ў іншых краінах.

«Высокая ўстойлівасць нацыянальнай эканомікі» пацверджана дэфолтам па еўрааблінацыях. Навукова-тэхналагічны патэнцыял і лічбавая індустрыя абумоўлена ўцёкамі айцішнікаў. Стварэнне рынкавых інстытутаў і канкурэнтнага асяроддзя вядзецца з дапамогай рэгулявання цэн, а экалагічная бяспека — пастаянным уводам у сельскагаспадарчы абарот тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС і заражаных радыенуклідамі (адзначым, што перыяд паўраспаду, які адбыўся — гэта распадуўсяго толькі паловы радыеактыўных часціц, а не «чыстая» тэрыторыя), а таксама ўводам у эксплуатацыю АЭС.

Але самае галоўнае — улады ставяць задачу да 2040 года ўвайсці ў 50 першых дзяржаў па ВУП на душу насельніцтва ў доларавым эквіваленце па парытэце пакупніцкай здольнасці. Для гэтага, на думку аўтараў праграмы, да 2040 года спатрэбіцца павялічыць валавы ўнутраны прадукт не менш чым у два разы.

Цяпер у нас прырост ВУП у год, па планах урада — 3,6%. І тое гэта «з напругай усіх сіл». І калі мы так будзем напружвацца кожны год, то за 15 гадоў, якія засталіся да 2040-га мы павялічым ВУП на 54%. Але не ў два разы.

І дарэчы, ВУП ваюючай Украіны сёлета павінен скласці 3,7% — як у «мірнай і квітнеючай» Беларусі. І ўрад РБ ганарыцца тым, што нашая эканоміка ў мірны час параўнальная з эканомікай ваюючай краіны.

Памятаецца мне, у чымсьці аналагічныя амбіцыйныя задачы ставіліся на Усебеларускім сходзе далёкага ўжо 2010 года. Калі там і не гаварылася пра падваенне ВУП, то дакладна ставілася задача «выйсці на ўзровень еўрапейскіх краін». У тым ліку і заробкі абяцаліся на ўзроўні 1000-1500 долараў у эквіваленце. І, дарэчы, улічваючы, што цяпер амаль 2025 год (так, да Новага Года засталося менш за 100 дзён), то за 15 мінулых гадоў мэты і задачы 2010 года — не дасягнутыя. Ці ёсць нейкія перадумовы, што будуць дасягнуты аналагічныя амбіцыйныя мэты ў наступныя 15 гадоў?

Насамрэч, ёсць. Яны могуць быць дасягнутыя, калі ў краіне палітыка перастане перашкаджаць эканоміцы, і ніводзін кіраўнік дзяржавы не заявіць, што кошты падвышаць «забараняецца». Калі ў краіне будзе дэмакратыя, вяршэнства права, свабода выказванняў і сходаў, і людзі не будуць пераследавацца за альтэрнатыўнае меркаванне, а занчыць, не будуць бегчы за мяжу. Калі беларусы, якія з'ехалі (не толькі айцішнікі, але і будаўнікі, журналісты, псіхолагі, медыкі, настаўнікі, і людзі многіх іншых прафесій) будуць вяртацца ў краіну, а не пакідаць яе. Калі ў Беларусь пойдуць нармальныя інвестыцыі. Калі краіна адмовіцца ад падтрымкі агрэсіі Расіі, адмовіцца ад шантажу Еўропы мігрантамі, і з яе здымуць санкцыі. Калі…

Рэалізаваць амбіцыйную праграму ўрада мажліва толькі пры змяненні вектару развіцця краіны. Нават змена ўлады ў краіне — не панацэя, бо на месца Лукашэнкі можа прыйсці і які-небудзь «пераемнік», і тады стратэгія развіцця рэалізаваная не будзе. Павінен змяніцца менавіта вектар развіцця Беларусі.

Можа быць, ва ўрадзе, распрацоўваючы такую стратэгію, нешта ведаюць?

Глядзіце таксама

Ёсць і другі варыянт «выканання» — зрабіць як заўсёды. Гэта значыць, намаляваць прыгожыя лічбы і задэклараваць, што «ўсё атрымалася». Як гэта робіцца, днямі ў чарговы раз прадэманстраваў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў. Паводле яго слоў, вытворчасць легкавых аўтамабіляў у Беларусі сёлета можа вырасці на 20%.

Працэнт, нібыта, уражвае, але... Спадар Агароднікаў не сказаў, ад якой лічбы гэты рост у 20%. Раней у гэтым годзе кіраўніцтва завода «БелДжы», — а толькі ён у нас выпускае (дакладней, збірае з кітайскіх камплектуючых) легкавыя аўтамабілі — заяўляла, што плануе па выніках года выпусціць каля 80 тысяч аўтамабіляў.

А цяпер трошкі матэматыкі. З улікам тых, хто з'ехаў і па самых песімістычных падліках, насельніцтва Беларусі — 8 мільёнаў чалавек. На гэтыя 8 млн збіраецца 80 тыс легкавых аўто. Гэта значыць, адзін аўтамабіль на 100 чалавек у год. А калі браць больш аптымістычныя суадносіны насельніцтва Беларусі, то мы атрымаем вельмі песімістычную лічбу нашага аўтамабілебудавання. А калі дадаць сюды тое, што частка аўтамабіляў сыходзіць на экспарт…

Але спадару Агароднікаву галоўнае — пахваліцца адсоткам. І ён гэта паспяхова зрабіў.

І яшчэ адзін прарыўны праект у плане інвестыцый. На тыдні было заяўлена, што кітайская кампанія Midea пабудуе ў Беларусі завод халадзільнікаў. 

Для гэтага кітайская кампанія прадае сваю долю завода ў Расіі. Плануецца, што на новым прадпрыемстве ў Беларусі акрамя лядоўняў будуць вырабляцца пральныя машыны і іншая ўбудаваная тэхніка, тады як на фабрыцы ў Татарстане збіралі толькі лядоўні без дзвярэй, бо гэты кампанент не вырабляўся расійскім філіялам.

І ў той жа час стала вядома, што Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній узяў у «Беларусбанку» крэдыт у памеры 36 млн рублёў на фінансаванне работ па падрыхтоўцы вытворчай пляцоўкі ў рамках рэалізацыі сумеснага беларуска-кітайскага праекта «стварэнне вытворчасці халадзільнага абсталявання».

Навіна, добрая, калі не задавацца пытаннямі. Галоўны з іх: чаму кітайская фірма будуе новы завод? Чаму яна не ўкладаецца ў мадэрнізацыю «Віцязя», або, на дай Бог, «Атланта»? Чаму прасцей пабудаваць новае прадпрыемства, чым супрацоўнічаць з ужо наяўных?

Верагодна таму, што ва ўжо наяўных прадпрыемстваў тэхналогіі настолькі састарэлі, што яны вельмі дарагія і неэфектыўныя. І прасцей пабудаваць новы завод, чым рэанімаваць стары.

І вось з такой прамысловасцю, на якую нават кітайцы крыва глядзяць, мы збіраемся ўдвая павялічыць ВУП. Як думаеце, гэта рэальна?