«Самы дарагі выключальнік у свеце»: першы энергаблок БелАЭС зноў адключаны ад сеткі
Сёння ў 10.33 першы энергаблок БелАЭС адключаны ад сеткі дзеяннем аўтаматыкі, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.
Спецыялісты праводзяць дыягностыку і аналіз працы тэхналагічных сістэм, перадае REFORM.by.
Паводле інфармацыі ведамства, радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання ў норме.
Нагадаем, першы энергаблок прастойваў з 12 ліпеня па 4 кастрычніка. Ён быў адключаны ад сеткі пасля спрацоўвання аўтаматычнай сістэмы абароны генератара. Пры правядзенні рэвізіі абсталявання і тэхналагічных сістэм была выяўлена неабходнасць замены аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара. Да працэсу быў прыцягнуты расійскі завод-вытворца. 4 кастрычніка першы энергаблок зноў уключылі ў сетку.
Адключэнні энергаблока БелАЭС ад сеткі адбываюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, і ў інтэрнэце ўжо ходзіць жарт пра тое, што Лукашэнка пабудаваў «самы вялікі і дарагі выключальнік у свеце».