У Мінфіне прызналі, што рэальнае беспрацоўе ў Беларусі ў 5-6 разоў вышэй за афіцыйнае

Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч назваў справядлівымі ацэнкі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якія гавораць аб тым, што рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае 5-6% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Як піша БелаПАН, пра гэта ён заявіў на Кастрычніцкім эканамічным форуме.
«Сапраўды, сітуацыя на рынку працы пагаршаецца, і гэта патрабуе ад ураду і камерцыйнага сектару пэўных рашэнняў», — адзначыў Ермаловіч.
Паводле звестак Мінпрацы, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец верасня 2016 году склала 40,3 тыс. чалавек — 0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Ермаловіч падкрэсліў, што, паводле дадзеных Мінпрацы, залішняя колькасць занятых на прадпрыемствах цяпер складае 5,7%. «У нас ёсць сітуацыя з няпоўнай занятасцю, якая нарастае. У нас ёсць сітуацыя з залішняй колькасцю занятых на дзяржаўных прадпрыемствах, гэта ўсё не лепшым чынам адбіваецца на іх фінансавых выніках. І гэта тая праблема, якую, на мой погляд, неабходна вырашаць», — заявіў чыноўнік.
Ён адзначыў, што большасць прадпрыемстваў, маючы залішнюю колькасць персаналу, пераводзяць яго на няпоўную занятасць.
«Гэта самы першы крок у адказ з боку прадпрыемства ў надзеі на тое, што рынкі збыту прадукцыі адновяцца, і не спатрэбіцца скарачаць персанал. Другі адказ — замарожванне заробкаў — прыводзіць да таго, што ў цэлым мяняецца маштаб заробкаў у краіне, адбываецца рэальнае скарачэнне даходаў насельніцтва, што таксама з'яўляецца адмоўным вынікам сітуацыі на рынку працы», — сказаў Ермаловіч.