У Беларусі падаражэюць цукар, хлеб і алкаголь

Адпаведныя пастановы прыняты Міністэрствам эканомікі.



pustoj_koshieliok.jpg

Так, паводле пастановы № 49 ад 4 ліпеня 2013 года межавыя максімальныя рознічныя цэны на рэгуляваныя віды цукру-пяску белага без дабавак 12 ліпеня павялічваюцца ў сярэднім на 5%. Устаноўлены межавыя максімальныя рознічныя цэны на цукар-пясок белы без дабавак вагавы, упакаваны ў мяшкі ад 25 да 50 кг, у 7.900 рублёў за 1 кг і на цукар-пясок белы без дабавак, расфасаваны ў спажывецкую ўпакоўку ад 500 г да 1 кг, — у 8.400 рублёў за 1 кг.
 

Як пракаментавалі ў Мінэканомікі, рашэнне аб павышэнні цэн прынята «з улікам прапаноў канцэрна «Белдзяржхарчпрам», для стабілізацыі фінансавага стану цукраперапрацоўчых арганізацый». Нагадаем, апошнім разам цэны на цукар-пясок, расфасаваны ў спажывецкую ўпакоўку ад 500 г да 1 кг, павышаліся 24 чэрвеня мінулага года да 8.000 рублёў за 1 кг.
 

Згодна з пастановай № 48 ад 4 ліпеня 2013 года прадугледжана магчымасць павышэння да 10% межавых максімальных адпускных цэн на рэгуляваныя групы хлеба і батонаў. Гаворка ідзе пра хлеб аржаны і пшанічна-аржаны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з утрыманнем цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14%. «Гэтая пастанова прынята з улікам прапаноў Мінсельгасхарчу, у мэтах кампенсацыі падаражання сыравіны», — адзначылі ў Міністэрстве эканомікі.
 

4 ліпеня 2013 года прынята таксама пастанова № 50, згодна з якой 12 ліпеня павялічваюцца межавыя мінімальныя цэны на алкагольную прадукцыю мацункам больш як 28%«у сувязі з ростам ставак акцызаў». «З увядзеннем у дзеянне ўказанай пастановы вытворцы і імпарцёры алкагольнай прадукцыі, а таксама гандлёвыя арганізацыі павінны рэалізоўваць алкагольную прадукцыю мацункам больш як 28% па цэнах не ніжэйшых за ўстаноўленыя гэтай пастановай», — адзначаецца ў каментарыі міністэрства.

belapan.by