У цісках партнёрскіх чаканняў

Сённяшняя прэзідэнцкая кампанія супала з эканамічным крызісам і падзеннем прыбыткаў электарату. А значыць, уладзе асабліва важна добра выглядаць у вачах як Масквы, так і Брусэля.



ciski_partniorstva_logo.jpg

Стан, у якім апынулася беларуская ўлада, выдатна разумеюць і на Усходзе, і на Захадзе. Разумеюць таксама і тое, што чакаць ад Аляксандра Рыгоравіча рэфарматарскіх цудаў не прыходзіцца. Але правесці на тле выбараў такія-сякія эканамічныя змены цалкам магчыма. Тым больш што канцэпцыя «сацыяльнай дзяржавы» відавочна трашчыць па швах, таму кіраўніцтва краіны, мусіць, упершыню ў гісторыі Беларусі больш настроена на рэформы, чым насельніцтва. Адпаведна, і Расія, і Еўрасаюз прапаноўваюць Беларусі свае мадэлі эканамічнага супрацоўніцтва.

З Захаду

Ужо вядома, што Еўрапейскі саюз падрыхтуе нейкі новы, адмысловы варыянт эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і Арменіяй: з краінамі, якія ўваходзяць у арбіту еўрапейскіх інтарэсаў, але пакуль усё ж застаюцца празмерна залежнымі ад Расіі. Прычым як у эканамічнай, так і ў палітычнай прасторы.

Пра стварэнне новай мадэлі супрацоўніцтва распавёў міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асэльборн. Па ягоных словах, новы тып дамовы будзе звязваць гэтыя краіны ў меншай ступені, чым класічная дамова аб эканамічнай асацыяцыі з ЕС — тая, якую падпісалі, у прыватнасці, Украіна і Малдова. У Брусэлі выдатна разумеюць, што Мінск і Ерэван не гатовыя падпісаць дамову аб эканамічнай асацыяцыі з Еўрасаюзам, бо гэтага ім проста не дазволіць зрабіць Масква. Еўрачыноўнікі разважаюць так: лепш мець хоць нейкае супрацоўніцтва сёння, каб паказваць Беларусі і Арменіі выгады еўрапейскага шляху развіцця, чым увогуле ніяк не ўраўнаважваць уплыў Расіі.

«Мы шукаем сістэму, пры якой не бурыліся б усе масты. Мы разумеем, што дамова аб асацыяцыі немагчымая, і таму мы гатовыя знайсці лягчэйшы варыянт, меней фундаментальны. Гэта не дамова аб асацыяцыі, якую падпісаць яны не могуць. Гэта будзе нешта на ўзровень ніжэй, не магу пакуль сказаць, як гэта будзе звацца», — распавёў Асэльборн. Па ягоных словах, новы тып дамовы не прадугледжвае распаўсюду на Беларусь і Арменію мытных палёгкаў, аднак «там будзе ўказана шмат што іншае».

З неафіцыйных крыніц стала вядома, што ў дамове прадугледжаны акцэнт на «кропкавае» супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі, якое было б выгодным у роўнай ступені і беларусам, і еўрапейцам. Напрыклад, будзе захаваны статус-кво датычна паставак з Беларусі нафтапрадуктаў, калійных соляў, металу. Актывізуецца транспамежнае супрацоўніцтва ў энергетыцы. Верагодна, будзе палегчаная працэдура сертыфікацыі для еўрапейскага рынка прадуктаў харчавання з Беларусі.

Што тычыцца санкцый, то рашэнне пра іх адмену будзе прымацца, зыходзячы з вынікаў выбараў прэзідэнта.

З Усходу

З іншага боку, сваё «асаблівае эканамічнае меркаванне» Беларусі дыктуюць эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі Еўразійскага Фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Так з нядаўніх часоў завецца Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС — той самы, які ў 2011 годзе выратаваў Беларусь буйным стабілізацыйным крэдытам. Гэтая структура дэ-факта цалкам кантралюецца Расіяй, і таму ўсе прапановы, што сыходзяць ад яе, у першую чаргу адпавядаюць расійскім жа інтарэсам.

Падставай даваць парады для ЕФСР стала жаданне ўладаў Беларусі атрымаць новы стабілізацыйны крэдыт у памеры $2–3 мільярда. У афіцыйным прэс-рэлізе ЕАБР сказана, што «для атрымання Беларуссю новага фінансавага крэдыту ўладам неабходна ўзмацніць прапанаваную раней праграму для забеспячэння ўстойлівасці вынікаў пераўтварэнняў, у тым ліку, на падставе ўрокаў, якія былі атрыманыя падчас выканання папярэдняй стабілізацыйнай праграмы ў 2011–2013 гадах». Калі перавесці на чалавечую мову, гэта гучыць так: «Нам не спадабалася, што ў мінулы раз вы ўзялі грошы, а рэформы не правялі, так што гэтым разам пачынайце з рэформаў».

Прапанаваныя рэформы выглядаюць цалкам па-рынкаваму, і нават з жорсткімі наступствамі для насельніцтва. Ва ўжо апублікаваных рэкамендацыях ЕФСР гаворыцца, што Саўмін і Нацбанк Беларусі павінны для дасягнення макраэканамічнай стабілізацыі «стварыць асновы для доўгатэрміновага ўстойлівага росту шляхам правядзення цвёрдай грашова-крэдытнай і кансерватыўнай падаткова-бюджэтнай палітыкі, збалансаванай палітыкі прыбыткаў насельніцтва, і рэалізацыі глыбокіх структурных рэформаў, нацэленых на паніжэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы і актыўнае развіццё прыватнага сектара».

Праграма прадугледжвае скарачэнне аб'ёмаў фінансавання новых дзяржпраграм, памяншэнне дзяржаўных субсідый на падтрымку ЖКГ праз павышэнне ўзроўню акупляльнасці выдаткаў. У тэорыі ўсё гэта павінна спрыяць не толькі збалансаванаму выкананню дзяржбюджэта, але і вызваліць рэсурсы для развіцця прадпрымальніцтва ў краіне. Наступствам гэтых мер павінна стаць падвышэнне ўстойлівасці плацёжнага балансу, нарошчванне ўзроўню міжнародных рэзерваў, запаволенне інфляцыі, паніжэнне працэнтных ставак і перанакіраванне рэсурсаў у найболей рэнтабельныя сектары.

На практыцы ж большасць з пералічанага мала прымальная для беларускіх уладаў з іх канцэпцыяй «сацыяльнай дзяржавы». Скарачэнне дзяржпраграм азначае, што стратныя беларускія заводы не атрымаюць бюджэтных грошай на «падтрымку штаноў». Памяншэнне субсідый на ЖКГ азначае, што працаўнікі гэтых заводаў, застаўшыся без зарплат, апынуцца яшчэ і перад фактам рэзкага росту «камуналкі». Адно плюс другое аўтаматычна азначае рост сацыяльнай напружанасці.

Вядома, сёе-тое ўлады Беларусі робяць ужо цяпер — менавіта са спісу тых мер, якія назваў ЕАБР. Напрыклад, адносна цвёрдая грашова-крэдытная палітыка і пераход да больш гнуткага рэжыму абменнага курсу, уключаючы выкарыстанне механізму падвойнага аўкцыёну з чэрвеня гэтага года дазволілі стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку.

Тым не менш, нягледзячы на адносную стабілізацыю на валютным рынку і станоўчае сальда бюджэтных прыбыткаў, беларуская эканоміка застаецца ў рэцэсіі. За студзень-ліпень 2015-га ВУП скараціўся на 4%. Каб пераламаць сітуацыю, уласна, і патрабуецца крэдыт у $2–3 мільярды ад ЕСФР.

Улады могуць пайсці на непапулярныя меры ў эканоміцы пасля прэзідэнцкай кампаніі. Можна ўзгадаць 2011 год, калі неўзабаве пасля інаўгурацыі Лукашэнкі прыспела дэвальвацыя беларускага рубля. Тады яна выклікала рэзкае падзенне прыбыткаў насельніцтва і адносна масавыя «маўклівыя пратэсты». Затое прадпрыемствы (найперш экспартаарыентаваныя) адчулі сябе нашмат лепш, а ў канцы года паспяховы продаж «Белтрансгаза» расійцам дапамог вырашыць мноства бюджэтных праблем.

Зараз можа адбыцца нешта падобнае, але ўжо пад больш цвёрдым кантролем з Масквы.

Рэзюме

Па сутнасці, Брусэль ды Масква паставілі Мінск перад выбарам. Масква зрабіла гэта больш катэгарычна: яна прапаноўвае льготны крэдыт на $2–3 мільярды, які Беларусь можа атрымаць яшчэ да канца года. Але ўзамен беларуская ўлада павінна пацвердзіць сваю лаяльнасць. Невыпадкова размовы пра крэдыт практычна супалі з прапановай размясціць у Беларусі расійскую авіябазу з цяжкімі дальнімі знішчальнікамі Су-27.

Ці пагодзіцца беларуская ўлада на рэформы, якіх патрабуе ЕФСР? Хутчэй за ўсё, фармальна пагодзіцца, але пасля пачне «круціць азадкам». Не ўпершыню ж...

Прапанова ж еўрапейцаў — нейкі незразумелы і яшчэ нават не распрацаваны дакумент. Сурагат дамовы аб эканамічнай асацыяцыі з ЕС, з якой дагэтуль аніякай карысці не мае ні Украіна, ні Малдова.

Таму грунтоўных зменаў у беларускай палітыцы пасля выбараў не адбудзецца. Беларусь і надалей будзе залежаць ад Расіі, размесціць на сваёй зямлі авіябазу, атрымае грошы на далейшае кансерваванне сваёй эканамічнай мадэлі. А што з Еўропай? Не будзем забываць лукашэнкаўскаю канцэпцыю «ласкавага цяля». Калі выбары пройдуць «больш дэмакратычна, чым папярэднія», цалкам магчыма, што ЕС здыме санкцыі, але наўрад ці стане фінансаваць «беларускую мадэль».