У Мінску прэзентавалі новы праект Еўрасаюза для Беларусі

18 верасня ў Мінску ў Інстытуце Гётэ прэзентавалі новы праект Еўрасаюза для Беларусі — Еўрапейскую праграму мабільнасці для Беларусі MOST. Яна прадугледжвае стажыроўкі 1500 беларускіх грамадзян у краінах ЕС.



6124f0d_eu.jpg

Кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла на прэзентацыі, што ўмацаванне і пашырэнне міжасобасных адносінаў — прыярытэтная задача ў супрацоўніцтве Еўрасаюза і Беларусі. "MOST з'яўляецца цяпер ключавым момантам нашага супрацоўніцтва з Беларуссю", — заявіла Віктарын. Яна паведаміла, што на рэалізацыю праекта ЕС выдзеліў прыкладна 5 млн еўра.
Андрэа Віктарын падкрэсліла таксама, што "праект стартуе ў той час, калі мы назіраем станоўчыя зрухі ў нашым палітычным дыялогу з Беларуссю". Яна назвала MOST беспрэцэдэнтным па маштабах праектам, які дазволіць беларусам, што працуюць у розных сферах, паўдзельнічаць у стажыроўках у любой з краін Еўрасаюза.
Віктарын выказала падзяку амбасадам краін ЕС у Беларусі за тое, што яны падтрымалі MOST і маюць намер спрасціць працэдуру выдачы візаў яго ўдзельнікам.
Вядома, што праект арыентаваны найперш на ўжо працуючых людзей, таму ён не дубліруе ўжо дзейныя праекты, якія фінансуе ЕС. Стажыроўкі будуць арганізаваныя для спецыялістаў у сферы культуры, адукацыі, навукі, тэхналогій і іншых галін. Магчымыя як індывідуальныя, так і групавыя стажыроўкі, як кароткачасовыя, так і доўгатэрміновыя. Падаваць заяўкі на ўдзел у праекце могуць паўналетнія грамадзяне Беларусі. Арганізацыя стажыроўкі магчымая ў любой з 28 краін ЕС.
Непасрэднымі арганізатарамі праекта выступаюць Інстытут Гётэ ў Мінску і Брытанскі савет у Польшчы. Яго рэалізацыя працягнецца да снежня 2017 года. Плануецца, што кожны месяц у абменах будуць удзельнічаць не менш за 50 грамадзян Беларусі.
Паводле БелаПАН