На баку «Ісламскай дзяржавы» ваююць 2400 расійцаў
Яшчэ прыблізна 2600 баевікоў з'яўляюцца выхадцамі з краін Цэнтральнай Азіі.
Больш за 5 тысяч грамадзян Расеі і краін Цэнтральнай Азіі ваююць на баку тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на ФСБ.
Паводле слоў першага намесніка дырэктара ФСБ, генерала войска Сяргея Смірнова, амаль палова з іх — 2400 чалавек — грамадзяне РФ.
«Паводле нашых звестак, блізу 2400 грамадзян РФ ужо ўдзельнічаюць у дзейнасці гэтай арганізацыі, і гэта досыць вялікая колькасць»,— падкрэсліў ён. Напярэдадні кіраўнік
МУС РФ Уладзімір Калакольцаў паведаміў, што на баку «Ісламскай дзяржавы» ваююць 1,8 тысяч грамадзян Расеі. «Паводле разлікаў МУС, у шэрагах ІД ваююць 1,8 тысяч расейцаў.
Распачата 477 крымінальных спраў», — сказаў ён.
Са слоў Смірнова, вярбоўка грамадзян розных краін, у тым ліку тых, якія ўваходзяць у ШАС, уяўляе сабой адну з самых вялікіх небяспек з боку «Ісламскай дзяржавы».
«Найбольш небяспечная вярбоўка асобаў з гэтых дзяржаў — гэта выезд на тэрыторыю баявых дзеянняў гэтай групоўкі, удзел у іх, навучанне, падрыхтоўка і наступнае вяртанне на
тэрыторыю нашых дзяржаў», — падкрэсліў Смірноў.
Ён паказаў, што «робіцца гэта канспіратыўна, ужываюцца метады працы баявых арганізацый». «І той досвед, які ў іх назапашаны, яны пераносяць на нашы тэрыторыі.
Небяспека палягае ў гэтым, і яна вельмі істотная», — заявіў Смірноў.
Паводле Хартыі'97