ФСБ правярае расійскіх кантрактнікаў, якія адмовіліся ад камандзіроўкі ў Сірыю
Супрацоўнікі ФСБ пагражаюць ваеннаслужачым, якія адмовіліся ехаць у Сірыю, крымінальным пераследам, у тым ліку па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе.
Пра гэта паведамляе «Газета.ру» са спасылкай на адваката Івана Паўлава. Пры гэтым, адзначыў Паўлаў, кантрактнікаў не выпускаюць з тэрыторыі часткі ў Новарасійску.
«Замест таго каб ліквідаваць парушэнні правоў ваеннаслужачых, яны перадалі справу ФСБ», — пацвярджае член Савета па правах чалавека Сяргей Крывенка. «Адпраўляюць без загаду, значыць, у выпадку гібелі будзе сітуацыя "іх там не было". Калі іх там не было, пра якія наогул выплаты ў выпадку ранення або гібелі можа ісці гаворка? У выпадку палону сітуацыя для іх блізкіх будзе проста кашмарнай, — кажа Ганна Кашырцава з фонду «Правы маці».
18. верасня «Газета.ру» паведаміла, што групу расійскіх кантрактнікаў перакінулі з Усходняй акругі ў Наварасійск для адпраўкі ў нейкую гарачую краіну. Па звестках выдання, калі вайскоўцы даведаліся аб камандзіроўцы ў Сірыю, яны запатрабавалі пісьмовы загад і звярнуліся ў ваенную пракуратуру. Без загаду яны ехаць адмовіліся. У міністэрстве абароны гэтую інфармацыю абверглі.
Расія пастаўляе ў Сірыю зброю і навучае сірыйскіх вайскоўцаў — у краіне прысутнічаюць расійскія інструктары. Па дадзеных СМІ і Пентагона, Расія пашырае ваенную прысутнасць у Сірыі, туды перакінутыя танкі і артылерыя, у аэрапорце недалёка ад порта Латакія вядзецца будаўніцтва.