Улады паабяцалі пайсці на саступкі прадпрымальнікам

У бліжэйшы час будзе прыняты дакумент, які павінен вырашыць праблему індывідуальных прадпрымальнікаў, звязаную з абмежаваннямі ў выкарыстанні наяўнай замежнай валюты пры разліках за тавары, якія набываюцца за мяжой. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным 20 сакавіка на сайце Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце.

dollar_prognoz_700.jpg

Праблема паўстала пасля ўступлення ў сілу 1 сакавіка пастановы Нацыянальнага банка № 612 «Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый».
Гэты дакумент апроч іншага адмяніў магчымасць выкарыстання наяўнай замежнай валюты ў разліках паміж беларускай юрыдычнай асобай або ІП і замежнай юрыдычнай асобай па дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт.
Пазней у Нацбанку растлумачылі, што беларускія ІП на тэрыторыі іншай дзяржавы могуць разлічвацца за набытыя тавары замежнай валютай з замежнымі фізічнымі асобамі, але з юрыдычнымі асобамі — толькі ў безнаяўным парадку.
У паведамленні савета гаворыцца, што гэтая праблема разглядалася 19 сакавіка на працоўнай нарадзе з удзелам віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчынава, іншых прадстаўнікоў урада, Нацбанка і дзелавых колаў.
Удзельнікі нарады канстатавалі, што палітыка Нацбанка па абмежаванні наяўных разлікаў у валюце «заслугоўвае разумення і падтрымкі», паколькі «будзе садзейнічаць узмацненню празрыстасці таварна-грашовых патокаў, фарміравання канкурэнтных умоў прадпрымальніцкай дзейнасці і, урэшце, умацаванню беларускага рубля і фінансава-эканамічнай стабілізацыі у краіне».
У той жа час яны пагадзіліся з тым, што выкананне патрабаванняў пастановы Нацбанка № 612 «не толькі рэзка зніжае эфектыўнасць працы» індывідуальных прадпрымальнікаў, але і «стварае пагрозы іх далейшаму функцыянаванню».
«Таму ўдзельнікамі нарады была зроблена выснова, што ў мэтах недапушчэння істотнага пагаршэння ўмоў гаспадарання суб'ектаў дадзенага сектара неабходныя больш ліберальныя захады, якія забяспечваюць іх паступовы пераход на агульныя ўмовы разлікаў за набытыя тавары. У ходзе абмеркавання быў таксама выпрацаваны варыянт рашэння, які атрымае нарматыўна-прававое афармленне на працягу бліжэйшага часу», — адзначаецца ў паведамленні.
У пачатку сакавіка кіраўніцтва грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» звярнулася ў Нацбанк за растлумачэннем, «ці мае права ІП рознічнага гандлю з 1 сакавіка 2019 года купляць за наяўны разлік у Расіі тавары ў мэтах вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі», а таксама якая адказнасць прадугледжана за падобныя аперацыі, калі такога права яны не маюць.
Акрамя таго, прадстаўнікі інтарэсаў ІП накіравалі віцэ-прэм'еру Турчынаву ліст з просьбай разабрацца ў сітуацыі, якая склалася.
14 сакавіка «Перспектыва» звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Нацбанк з просьбай вярнуць індывідуальным прадпрымальнікам магчымасць разлічвацца наяўнай замежнай валютай за набытыя за мяжой тавары.
naviny.by