Вызначаная цана на расійскі газ для Беларусі

У наступным годзе Беларусь будзе купляць расійскі газ прыкладна па 165 долараў за тысячу кубаметраў.



gas_2013.jpg

Цана на расійскі газ для Беларусі ў 2015 годзе не будзе моцна адрознівацца ад бягучай, паведамляе БЕЛТА  са спасылкаю на прадстаўніка ад Беларусі ў Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргея Румаса.

У гэтым годзе цана на расійскі газ для Беларусі складае каля  165 долараў за 1 тыс. куб.м. "Кошт не будзе моцна адрознівацца ад 2014 года. Прыкладна такая ж будзе і ў 2015-м", - сказаў Сяргей Румас.

Беларусь і Расія паралельна прасоўваюцца да роўнадаходных цэнаў на газ. "Мы рухаемся разам з Расійскай Федэрацыяй. То бок усё залежыць ад таго, наколькі Расія будзе рухацца да роўнадаходных цэнаў", — растлумачыў Сяргей Румас.

Разам з тым "Новы Час" паведамляў, што цана на расійскі  газ для Украіны вышэйшая, чым для Нямеччыны. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што падчас перамоваў у Мілане Украіна і Расія дамовіліся аб зімовай цане на газ у 385 долараў за тыс. куб. м.