З-за санкцый: Цыгарэтная кантрабанда з Беларусі ў Літву скарацілася

Больш чым у два разы за год знізіліся аб'ёмы затрыманай цыгарэтнай кантрабанды з Беларусі. І прычына таму — заходнія санкцыі.

Ілюстрацыйнае фота з сайта new-retail.ru

Ілюстрацыйнае фота з сайта new-retail.ru

За першае паўгоддзе гэтага года было 634 выпадкі затрымання кантрабандных грузаў з цыгарэтамі. Літоўская мытня канфіскавала 3,77 мільёнаў пачкаў — на 13,1 мільёнаў еўра. За такі ж адрэзак часу мінулага года было 1029 выпадкаў, што склала 8,96 мільёнаў пачкаў на 32,1 мільёнаў еўра. Такі інсайд быў атрыманы Беларускім Расследвальцельскім Цэнтрам ад літоўскай мытні.

Прычынамі падзення аб'ёмаў кантрабанды ў літоўскай мытні лічаць "значнае скарачэнне ўсяго транспартнага патоку (асабліва — грузавога транспарту) з Беларусі ў Літву пасля ўвядзення санкцый ЕС і ЗША супраць Беларусі, а таксама адпаведныя змены складу тавараў, якія транспартуюцца, традыцыйна служылі як прыкрыццё для кантрабанды".

У літоўскай мытні канстатавалі, што з увядзеннем заходніх санкцый змяніліся як агульны аб'ём, так і ўнутраная структура ўсяго нелегальнага патоку тытунёвых вырабаў.

Раней мы распавядалі аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Расію і ЕС і магчымай датычнасці да нелегальных схемах беларускага бізнесоўца Аляксея Алексіна.

У літоўскай мытні ведаюць пра Аляксея Алексіна, але "падазрэнні ў арганізацыі кантрабанды яму не прад'яўленыя".

"Агульная сітуацыя ў першую чаргу абумоўленая не столькі асобамі, колькі агульнай дзейнасцю суседняй краіны. Гэта значыць, празмернай, некантралюемай вытворчасцю тытунёвых вырабаў, што прывяло да распаўсюджвання ў вялікім аб'ёме кантрабанды цыгарэт у суседнія краіны", — пракаментавалі сітуацыю ў літоўскай мытні.


Паводле інфармацыі кампаніі KPMG, у 2021 годзе агульны аб'ём вытворчасці цыгарэт у Беларусі ў два разы перавышаў аб'ёмы спажывання ўнутры краіны — 34 мільярды штук супраць 15,71 мільярда штук. Эксперты палічылі, што ў мінулым годзе каля 14,8 мільярда штук цыгарэт, спажытых ў ЕАЭС, ЕС, Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Швейцарыі, маглі нелегальна трапіць з Беларусі.

Асноўная колькасць нелегальных цыгарэт у Літву ў апошнія пару гадоў увозілася буйнымі партыямі на грузавым транспарце: на цягачах і цягніках. Напрыклад, у грузавым цягачы хавалі ад 200 да 500, а часам і да 1000 скрынь цыгарэт (да паўмільёна пачкаў), а прыкрыццём для нелегальных паставак у такіх выпадках была звычайна драўніна або іншыя будаўнічыя матэрыялы.

Ведамства дагэтуль часам затрымлівае буйныя партыі кантрабанды. Напрыклад, 30 ліпеня была затрыманая фура, дзе пад выглядам вермікуліту (прыроднага стымулятара росту) у Літву завезлі тысячу скрынь цыгарэт. Але большасць выпадкаў затрыманняў цяпер прыходзіцца на легкавыя аўтамабілі. Гэта, як правіла, старыя танныя машыны, у якіх робяцца хованкі для невялікай колькасці кантрабанды. Гаворка ідзе ўсяго пра некалькі соцень пачкаў цыгарэт.

Як пісаў НЧ, Літва за 2021 год канфіскавала рэкордную колькасць беларускіх цыгарэт. У мінулым годзе ў цягніках канфіскавалі столькі беларускіх цыгарэт, колькі за мінулыя 7 гадоў разам.

Літоўскія памежнікі адзначылі, што большая частка (95,9%) усіх затрыманых кантрабандных цыгарэт у 2021-м прыбыла з Беларусі. Прычым 98,6% канфіскаваных пачкаў мелі беларускія акцызныя маркі.

Найбольш часта затрымлівалі ў мінулым годзе цыгарэты, вырабленыя на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман». «Рост кантрабанды тытунёвых вырабаў звязаны таксама з тым, што гэтая фабрыка вырабляе ў некалькі разоў больш цыгарэт, чым неабходна для беларускага рынку. Лішкі прадукцыі нелегальна вывозяцца на рынкі іншых краін, у тым ліку Літвы», — заявілі у свой час у літоўскім ведамстве.