
Але, мяркуючы па фотаздымках, якія яна размясціла на сваёй старонцы ў Інстаграм, адпачываць «для перазагрузкі» Князева ездзіць у еўрапейскія краіны «па прыгожых гарадах з багатай гісторыяй».
У апошнія месяцы
яна апублікавала справаздачу з краінаў, якія якраз і дэманізуе беларуская
прапаганда, — з Польшчы і Літвы. Яна захапляецца старой архітэктурай,
добраўпарадкаваннем. На адным з фотаздымкаў з Варшавы яна напісала: «Лёгкасць,
свабода, творчасць — на кожным кроку».

З апошніх прапагандысцкіх рэпартажаў Святланы Князевай варта
адзначыць сюжэт пра свята для ўкраінскіх дзяцей-мігрантаў, якое ў выніку павярнулася затрыманнем яго ініцыятараў. Відэашэраг з затрыманай актывісткай
Алай Караленка прапагандыстка суправадзіла такімі словамі: «Нічога святога.
Актывісты навязваюць нацызм, уцягваючы сваіх уласных дзяцей у экстрэмісцкую
прапаганду. Фота і відэа з акцыі потым шырока разышліся па сетках пад
лозунгамі, якія неабходныя заходнім куратарам».
Верагодна, цяперашняя паездка ў Еўропу — адна з апошніх
магчымасцяў для прапагандысткі. Напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі
ўжо падрыхтавала папраўкі ў правілы аб дзяржавах, грамадзяне якіх пры падачы
дакументаў на візу і від на жыхарства павінны праходзіць праверкі на прадмет
пагрозы нацыянальнай бяспекі і грамадскаму парадку. Ужо сёння ва ўездзе ў
краіну адмаўляюць тым, хто адкрыта дэманструе падтрымку вайсковай агрэсіі РФ
супраць Украіны.