Заробак: у далярах — больш, у таварах — менш

Белстат у апошнія месяцы фіксуе рост сярэдняй зарплаты, аднак беларусы наўрад ці становяцца багацей. Хутчэй, наадварот.



daliary1.jpg

Такія розныя 100 даляраў

Нягледзячы на тое, што долар прынята лічыць «цвёрдай» валютай, у Беларусі за тры гады стодоларавая паперка значна страціла ў вартасці.

Так, да прыкладу, у стодоларавай купюры сёння прыкладна на 70 пакетаў малака і 100 боханаў хлеба менш, чым у 2010-м. Сала на сто долараў мы сёння можам купіць удвая менш, чым тры гады таму. Але, мабыць, больш за ўсё сярод прадуктаў у далярах падаражэла бульба: сёння за сотню дадуць амаль на сто кіло менш «другога хлеба». З гародніны, па нашых назіраннях, толькі за цыбулю і моркву сёння не просяць больш даляраў.

Калі ў 2010 годзе за сто даляраў быў даступны пыласос, а рэшты хапала на прас, то сёння пасля куплі пыласоса рэшты ўжо не застанецца. Лідэрам жа падаражэння ў валюце сталі лекі: сёння за сотню амерыканскіх даляраў мы купім у 2,5 разы менш антыбіётыкаў і абязбольвальных і амаль у тры разы менш вітамінаў! 

У той жа час паліва на сто даляраў і ў 2010 годзе, і ў 2014 даюць аднолькава — 111 літраў. 

Што больш: 530 або 610?

«Я абяцаў: 500 долараў мы дасягнем, цяпер заробак вышэйшы», — казаў прэзідэнт у красавіку падчас апошняга паслання беларускаму народу і парламенту. 

Тры гады таму, у снежні 2010 года, беларусам у першы раз удалося дасягнуць «500-даляравую» мару — тады сярэдні заробак склаў 530 даляраў. Сёння заробак сапраўды «вышэйшы» — па дадзеных Белстата, за чэрвень беларусы зарабілі ў сярэднім 610 даляраў. Аднак кошты на тавары і паслугі раслі значна хутчэй заробку. І на свой рэкордны, па айчынных мерках, заробак, мы можам дазволіць сабе пакупак менш, чым тры гады таму. 

Так, напрыклад, сёння мы купім на 10 кіло мяснога фаршу і на 18 кілаграмаў свініны менш, чым у снежні 2010-га. У шампанскім і тартах заробак паменшыўся прыкладна на 10%. На 35 слоічкаў менш можна дазволіць сабе сацыяльна значных агароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, а мясных — на 40. Затое ў цяперашнім заробку стала на 45 дзесяткаў яек і 140 кілаграмаў цукру больш.

На што хапала 100 даляраў (кошты па дадзеных Белстат)

100_dollars.jpg

На што хапала сярэдняга заробку ў 2010 і 2014 гадах

average_salary.jpg

Антон Болтачка, эканаміст, эксперт ГА «Дыскусійна-аналітычная супольнасць «Ліберальны клуб»:

— Тое, што прадукцыя ў доларах сёння стала каштаваць больш, звязана з тым, што дэвальвацыя ў краіне праходзіць значна больш павольна, чым яна павінна праходзіць. Іншымі словамі, прадукты ў беларускіх рублях даражэюць хутчэй, чым абясцэньваецца рубель. За кошт гэтага атрымліваецца дысбаланс, — мы бачым, што ў далярах тавары і паслугі сталі каштаваць больш, чым некалькі гадоў таму. 

Хоць беларусам пакуль што няма на што скардзіцца: за нашы сучасныя заробкі мы можам купляць больш даляраў, чым калі б дэвальвацыя адбывалася ў рамках той інфляцыі, якая ў нас у краіне. Фактычна мы атрымліваем у крэдыт курс даляра да беларускага рубля. Крыху пазней мы будзем расплачвацца за гэта альбо паскарэннем дэвальвацыі, альбо яе рэзкім скокам, як было ў 2011 годзе.

intex-press.by