200 тысяч кіроўцаў аштрафавалі за адсутнасць тэхагляду. Акцыя ДАІ працягнецца яшчэ 5 дзён
Шмат у чым на адсутнасць тэхагляду паўплывала ўвядзенне так званага дарожнага збору — у сярэднім каля 200 рублёў на год, піша «Свабода».

Больш за 200 тысяч кіроўцаў, чые аўтамабілі не прайшлі тэхагляд, спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі за пяць дзён спецаперацыі, паведамляе першы канал Беларускай тэлевізіі.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, усяго ў Беларусі зарэгістравана 3 мільёны легкавікоў і паўмільёна грузавікоў.
Паводле прадпрыемства «Белтэхагляд», за першае паўгоддзе колькасць выдадзеных дазволаў на эксплуатацыю транспарту скарацілася амаль на 10%.
Як мяркуюць эксперты, шмат у чым на такую сітуацыю паўплывала ўвядзенне так званага дарожнага збору, у сярэднім каля 200 рублёў на год — некаторыя ўладальнікі аўтатранспарту лічаць сумы збору завышанымі і адмаўляюцца плаціць.
Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, за адсутнасць тэхагляду караюць штрафам ад адной (25,5 рубля) да трох базавых велічынь, за паўторнае парушэнне — да пяці базавых велічынь.
Узмоцнены кантроль аўтамабіляў супрацоўнікі ДАІ будуць праводзіць да 17 жніўня.