500-годдзе бітвы пад Воршай: будуць выставы, паштоўкі і экскурсія

Аршанскі райвыканкам забараніў адзначэнне 500-годдзя Аршанскай бітвы, у якім меліся ўзяць удзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку прадстаўнікі замежных амбасадаў.



vialikaja_bitva.jpg

На 6 верасня былі запланаваныя набажэнства, экскурсія па Воршы і паездка на Крапівенскае поле з ускладаннем кветак да памятнага знака, урачыстай часткай і канцэртам.
Адмова тлумачыцца няправільным афармленнем заяўкі — заяўнікі не пазначылі крыніцы фінансавання імпрэзы, не было дакументаў пра заключэнне дамоваў з «хуткай дапамогай».
Кіраўнік аргкамітэту святкавання 500-годдзя бітвы пад Воршай мастак Мікола Купава кажа, што калі б улады імкнуліся выявіць павагу да беларускай гісторыі, то маглі б прапанаваць перапісаць заяўку, каб фармальныя недахопы былі ліквідаваныя. Такім чынам, паводле мастака, адмова сведчыць пра нежаданне ўладаў дапусціць святкаванне перамогі беларусаў над усходнім суседам:
«Для гэтых людзей дата 8 верасня і бітва на Крапівенскім полі не маюць ніякага значэння. Калі б хацелі паспрыяць, то на наступны дзень пасля атрымання заяўкі маглі б паведаміць пра фармальныя недахопы ў заяўцы, якія былі б выпраўленыя. Нам напісалі, што ў парушэнне закону ў нашай заяве не пазначаныя крыніцы фінансавання масавых мерапрыемстваў. Ну хто пра гэта павінен ведаць і пісаць, якое будзе фінансаванне?».
Пасля атрымання адмовы на правядзенне ўрачыстасцяў Аргкамітэт пакуль яшчэ не збіраўся, каб абмеркаваць супольныя дзеянні, звязаныя з 8 верасня. Але Мікола Купава запэўніў, што адзначэнне будзе і ў Дзень беларускай вайсковай славы, і надалей:
«У нас распрацаваная праграма адзначэньня ад 8 верасня да 3 снежня. Будзе шмат імпрэзаў. 10 верасня запрацуюць дзіцячая і моладзевая мастацкія выставы, прысвечаныя 500-годдзю бітвы на Крапівенскім полі, а 23 кастрычніка Саюз беларускіх мастакоў адкрые вялікую выставу ў Палацы мастацтваў», — кажа Мікола Купава.
У аргкамітэт адзначэння 500-годдзя Аршанскай бітвы ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду», якія таксама маюць запасныя планы адзначэння слаўнай для беларускай гісторыі даты.
Так, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ў Мінску і Воршы ўжо пэўны час ідзе распаўсюд адмысловых паштовак-віншаванняў з 8 верасня. Апроч гэтага, партыйцы рыхтуюцца да некалькіх выязных мерапрыемстваў:
«Мы ўдзельнічаем у працы арганізацыйнага камітэту, і нягледзячы на тое, што была адмова, лічым вельмі важным, каб адзначэнне гэтай даты адбылося. Мы ўсё адно плануем наведаць і Воршу, і месца славутай бітвы, дзе стаіць памятны знак, ускласці кветкі. У Мінску і Воршы распаўсюджваюцца адмысловыя паштоўкі, распрацаваныя і выдадзеныя да 500-годдзя перамогі пад Воршай. Таксама прадстаўнікі нашай партыі на гэтых выходных наведаюць украінскі горад Роўна, дзе таксама створаны аргкамітэт, які будзе ладзіць імпрэзы для ўшанавання памяці Канстанціна Астроскага і 500-годдзя бітвы пад Воршай».
У Мінску паштоўкі можна знайсці ў цэнтральным офісе Партыі БНФ.
Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што, нягледзячы на дэманстратыўнае нежаданне ўладаў дапусціць арганізаванае адзначэнне 500-годдзя бітвы пад Воршай, фармальную забарону можна абмінуць, зладзіўшы іншае мерапрыемства, якое не патрабуе дазволу ад мясцовых уладаў:
«Зразумела, што галоўнае мерапрыемства павінна адбыцца ў Воршы і на Крапівенскім полі. У сітуацыі забароны масавага мерапрыемства мы ўсё роўна можам наведаць памятныя мясціны ў фармаце экскурсіі, для якой не патрэбны дазвол ад мясцовых выканаўчых органаў. Тыя самыя людзі могуць прыехаць, пачуць расповеды гісторыкаў і на свае вочы пабачыць Крапівенскае поле. Таксама нашы актывісты будуць ладзіць імпрэзы ў некалькіх гарадах Беларусі. Гэта будуць і ўрачыстыя сходы, і ўшанаванне памяці герояў Беларусі».
На думку Юрася Губарэвіча, улады забаранілі святкаванне не з фармальных прычынаў, пазначаных у лісце, а з ідэалагічных:
«Гэта ўстаноўка нашай улады — ніякія рэальныя гістарычныя падзеі, звязаныя з барацьбой беларусаў з прыгнятальнікамі з усходу, не павінны адзначацца. А яшчэ лепш — павінны быць сцертыя з памяці людзей. Іншага тлумачэння тут няма. Фармальныя зачэпкі ў афармленні заяўкі заўсёды можна абысці, і ёсць шмат прыкладаў: калі ёсьць жаданне дазволіць мерапрыемства, то фармальныя парушэнні выпраўляюцца і даецца дазвол».
Славутая Аршанская бітва адбылася 8 верасня 1514 году. Амаль 20 гадоў у тых мясцінах збіраюцца ахвотныя згадаць пра гэтую значную гістарычную падзею.

svaboda.org