Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву тэлеканала «Белсат»
Вярхоўны Суд Беларусі сёння абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі, а таксама на старонцы сайта «Белсат» у інтэрнэце, даступным для карыстальнікаў на тэрыторыі Беларусі.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з адказчыка 9 998 800 рублёў судовых выдаткаў.
Пазоў супраць кампаніі Telewizja Polska S.A., якой належыць гандлёвая марка «Белсат», быў пададзены ўладальнікам беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем
Беляковым у маі мінулага года.
Паводле Белякова, яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта цярпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканалу. 27 студзеня
2014 году калегія Вярхоўнага суду пазоў Белякова адхіліла ў сувязі з тым, што заяўнік не прадставіў доказаў парушэння ягоных выключных правоў на гандлёвы знак.
Але праз пяць месяцаў Прэзідыюм Вярхоўнага суду Беларусі прыняў рашэнне накіраваць пазоў Андрэя Белякова супраць тэлеканалу «Белсат» на новы разгляд у сувязі з нібыта
недасканалым вывучэннем доказаў па справе.
2 і 3 верасня ў новым судовым працэсе прадстаўнікі бакоў яшчэ раз выклалі перад судовай калегіяй свае пазіцыі. Андрэй Белякоў сцвярджае, што Telewizja Polska S.A. парушыла ягоныя правы на
гандлёвы знак «Белсат», прадстаўнікі ж тэлеканалу даводзяць, што ніякай гаспадарчай дзейнасці ў Беларусі канал не вядзе. А ў Польшчы гандлёвы знак зарэгістраваны ў адпаведнасці з
усімі прававымі нормамі.
У сваім выступе ў судовых спрэчках раніцай 3 верасьня прадстаўнік пракуратуры заявіла, што лічыць пазіцыю Белякова абгрунтаванай, і папрасіла суддзяў задаволіць ягоны пазоў.
Рашэнне па справе аб гандлёвым знаку «Белсат» будзе агучана ў чацьвер 4 верасня а 9-й гадзіне раніцы.
Сярод іншага фірма «БЕЛСАТплюс», якая займаецца продажам спадарожнікавага абсталявання, патрабуе, каб спадарожнікі прыпынілі трансмісію сігналу тэлебачання
«Белсат».
svaboda.org