60 літраў крафтавага піва да 100-годдзя БНР
Аляксандр Валюшка, прадпрымальнік з Брэсту, зварыў 60 літраў крафтавага піва да 100-годдзя БНР.
Уладальнік піўной крамы “Пан Саладоўнік” Аляксандр Валюшка ў выходныя, на якія прыпадае 25 сакавіка, пачастуе наведвальнікаў адмыслова звараным да гэтай даты гатункам піва.
Падрабязней пра гэта распавёў сам прадпрымальнік:
— Для мяне 25 сакавіка — гэта дзень першай беларускай дзяржаўнасці, дзень нашай незалежнасці. Кожны год святкуем яго ўсёй сям’ёй незалежна ад палітычнай сітуацыі ў краіне і таго, ёсць нейкія акцыі ці няма.
Гэтая ідэя з’явілася ў нас даўно. Быў солад, была вада, і было жаданне, была добрая дата. Чаму б не зварыць піва?
Гэта будзе светлы лагер. Галоўнае — гэта тое, што ў ім ёсць тое, чаго няма ў большасці нашага беларускага піва, — любоў і патрыятызм. Гэтага піва можна будзе пакаштаваць у нашай краме задарма ў выходныя, калі будзе святкавацца стагоддзе БНР.
Вядома, што па рашэнні брэсцкага аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі на святочным мітынгу і канцэрце, заяўка на які пададзена ў гарвыканкам, алкагольных і піўных вырабаў не будзе.
“Аднак у дзень напярэдадні і
пасля мерапрыемства ніхто не замінае падысці на куфаль у нашую краму”, —
зазначыў Аляксандр Валюшка, які таксама ўваходзіць у аргкамітэт.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя