«А хворых у карцэры няма, і лекаў ім ня трэба. Каго не вылечыць турма, таго чакае неба»

Штогод 11 лютага каталіцкія вернікі адзначаюць Сусветны дзень хворых — дзень шчырасці, што заклікае суперажываць і аказваць дапамогу нядужым, усведамляць каштоўнасці іх цярпення, памятаць пра важнасць валанцёрства і падтрымкі. Жахліва ўяўляць, што цяпер у нашай краіне сотні людзей з цяжкімі захворваннямі праходзяць праз катавальні рэжыму, не маючы магчымасці атрымаць ні лекаў, ні належнай медыцынскай дапамогі.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg

З нагоды Сусветнага дня хворых Каталіцкая Царква ладзіць асаблівыя службы ў гонар людзей з абмежаванымі магчымасцямі, слабасцю, цяжкімі хваробамі, а таксама звяртае асаблівую ўвагу да медыцынскіх супрацоўнікаў і валанцёраў, якія аказваюць ім дапамогу. У гэты дзень многія вернікі апроч касцёла наведваюць яшчэ і лякарні, дзіцячыя хоспісы, цэнтры рэабілітацыі і дамы састарэлых, каб правесці час з хворымі, выказаць ім свой клопат ды прачытаць малітву.

Сусветны дзень хворых у касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мёрах

Сусветны дзень хворых у касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мёрах

Асноўнай мэтай шэрагу мерапрыемстваў з’яўляецца заклік да міласэрнасці і падтрымкі тых, хто пакутуе ад хвароб або фізічнай немачы. Для каталікоў гэты час — напамін пра важнасць спачування і клопату пра тых, каму як нікому патрэбна падтрымка.

Цяпер гэта і нашыя палітвязні. Людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, злаякаснымі пухлінамі, вострымі запаленнямі ці хранічнымі хваробамі дыхальнай сістэмы, якім дастаўся і без таго цяжкі лёс, патрапілі ў невыносныя ўмовы. Там здзекуюцца не толькі над чалавечай годнасцю, але і над здароўем, катуючы і даводзячы жывых людзей да крытычнага стану.

У гэты дзень варта выказаць словы пашаны ім — героям, якія не адмовіліся ад свайго выбару і аддалі дні свайго жыцця за шанец пабудаваць свабодную краіну нашай мроі.

 І зноў чакаю, зноў малюся,

Імя тваё прашэпчуць вусны

Бо я хварэю на цябе,

А лекі не знайсці нідзе.

Верш пісьменніцы Веранікі Шыпілы

 Павел Кучынскі

Павел Кучынскі

Павел Кучынскі

Маладзечанец Павел Кучынскі знаходзіцца ў зняволенні ўжо 2 года і 1 месяц і, нягледзячы на сваё анкалагічнае захворванне, працягвае адбываць тэрмін па прад’яўленых палітычных артыкулах.

Павел мае першую групу інваліднасці, у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Гэта пухліннае захворванне лімфатычнай сістэмы, якое можа паражаць лімфатычныя вузлы, селязёнку, печань і касцяны мозг. Спачатку хвароба паражае асобную групу лімфавузлоў, далей распаўсюджваецца па ўсёй крывяноснай сістэме і захоплівае іншыя органы ды тканіны. Лімфагранулематоз адрозніваецца павольным прагрэсаваннем, аднак пры агрэсіўнай плыні і адсутнасці тэрапіі ў большасці выпадкаў прыводзіць да смяротнага зыходу.

У чэрвені 2022 года Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі зменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Сваякі маладзечанца пісалі звароты ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі, што яго катэгарычна забаронена ўтрымліваць у такіх умовах, але для антычалавечнага рэжыму гэта ўсяго толькі паперкі. У сваякоў атрымалася дамагчыся, каб спадара адправілі на абследаванне ў Рэспубліканскі цэнтр анкалогіі ў Бараўлянах, дзе высветлілася, што хвароба прагрэсуе.

Глядзіце таксама

Цяпер палітвязня этапавалі ў лякарню ў Калядзічах, дзе замест палат з адэкватнымі ўмовамі ўтрымання Павел вымушаны пакутаваць у турэмнай камеры, абсталяванай пад медыцынскія патрэбы. Паводле апошніх звестак «Вясны», курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але палітвязню не становіцца лепш: праз зняволенне гаворкі пра перасадку касцявога мозгу і арганізацыі будзь-якога адэкватнага лячэння ісці не можа.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі ў Рыгора Андрэевіча абвастрыліся праблемы са здароўем — лекары таксама выявілі анкалагічнае захворванне. Мінулай восенню ад сваякоў палітвязня стала вядома, што турэмная адміністрацыя не кажа Кастусёву вынікі анкалагічнага даследавання, якое ён праходзіў летам 2023 года. Падчас тэлефоннага званка вязень распавёў, што ў яго моцна баляць і ацякаюць ногі, а таксама ён пакутуе на варыкоз:

«Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець».

У лісце, што прыйшоў з папраўчай калоніі ў лістападзе, Рыгор Андрэевіч пісаў, што сур'ёзна турбуецца наконт лекаў, якія могуць не дайсці да яго, ён адназначна адчувае пагаршэнне стану здароўя. Згодна з так званым «планам» так званага «лячэння», у снежні ў палітвязня павінны былі ўзяць аналізы крыві, але пра вынікі праваабаронцам пакуль нічога не вядома.

Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна

Былая журналістка, што да жніўня 2020 года працавала карэспандэнткай на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-2» і на хвалі фальсіфікацыі выбараў далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, была асуджана на 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Глядзіце таксама

У 2012 годзе Ксенія перанесла складаную аперацыю па выдаленні пухліны мозгу, аднак засталася частка, якую выразаць было немагчыма. На волі яна адчувала сябе добра, штогод праходзіла абследаванні і не мела абвастрэнняў хваробы, але ў зняволенні пухліна пачала моцна павялічвацца. Цяпер вязынка адчувае моцны галаўны боль, а рэзультаты МРТ паказалі значнае пагаршэнне сітуацыі. У дабавак да такога жахлівага становішча мінулай вясной Ксенія захварэла на двухбаковую пнеўманію. Летась стала вядома, што бацькі палітвязынкі збіраюцца пісаць ліст на памілаванне, хаця сама Ксенія раней ад яго адмовілася.

А хворых у карцэры няма,

і лекаў ім ня трэба.

Каго не вылечыць турма,

таго чакае неба.

Верш палітзняволенага Максіма Знака

Мэта рэжыму — павольна і з пакутамі забіць кожнага, высмактаць сілы, бо чаму не, калі не адчуваеш адказнасці? Наша мэта — не даць гэтага зрабіць і працягнуць жыццё кожнага, хто дзень за днём аддае сваё здароўе і моц, але не страчвае дух.

Дапамога сваякам: лекамі, фінансава, любымі спосабамі альбо звычайны ліст палітвязню — ваш крок матывуе і натхняе. Бадай то і ёсць ідэя сённяшняга дня.