«Здараюцца прыступы, губляе прытомнасць». Бацька Ксеніі Луцкінай — пра здароўе палітзняволенай дачкі

Бацька палітзняволенай журналісткі, асуджанай на доўгі тэрмін, распавёў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад дачкі і яе стан здароўя.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. 28 верасня мінулага года Мінскі гарадскі суд прысудзіў яе да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Ксенія знаходзіцца ў Гомельскай калоніі №4. У пачатку года яна захварэла на двухбаковую пнеўманію і змагалася з хваробай амаль увесь люты. Таксама ў Ксеніі дыягнаставалі анкалогію, яна стаіць у чарзе на МРТ.

— Не было пакуль ніякага абследавання, — кажа бацька журналісткі Алег Луцкін. — Хоць дачка па-ранейшаму пачуваецца вельмі дрэнна.

Пару дзён таму яна мне тэлефанавала, і я адмыслова ўдакладніў, ці вазілі яе на МРТ або не. На жаль, не вазілі. Стаіць у чарзе на абследаванне — вось і ўсё, што вядома. Але ўсе неабходныя лекі перадаём, Ксеніі дазволілі медыцынскую перадачу.

— Наколькі вядома, па стане здароўя Ксенію вызвалілі ад працы ў прамзоне…

— Кажа, што вяжа ў калоніі мачалкі. Натуральна, калі здароўе дазваляе. Перыядычна ў яе здараюцца прыступы, тады губляе прытомнасць. Але свой план усё роўна выконвае.

— Па тэлефоне рэгулярна размаўляеце?

— І па тэлефоне, і па відэасувязі з сынам размаўляе. У красавіку таксама было доўгае спатканне. Цяпер чакаем новай сустрэчы.

Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, але сышла адтуль у 2020 годзе на хвалі пратэстаў і далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з ёй і стала падставай для завядзення крымінальнай справы.

Журналістку затрымалі ў снежні 2020-га па «справе Прэс-клуба» і абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў». Пазней, калі гэту справу закрылі, на Луцкіну завялі новую. Яе абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла «ў склад так званай Каардынацыйнай рады і ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ», займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».

За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе ёй рабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве. А 28 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, зараз за кратамі паводле палітычных матываў знаходзяцца 33 прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.