Абвалу чакаць не варта
Цягам апошніх тыдняў беларускі рубель у адносінах да долара дэманструе аслабленне. Паралельна падобныя змены адбываліся і на расійскім валютным рынку. «Тое, што мы цяпер назіраем, называецца кіраванай дэвальвацыяй», — гавораць маскоўскія аналітыкі. У Беларусі ж абмяркоўваюць прывязку курса беларускага рубля да расійскай плацежнай адзінкі.
Цягам апошніх тыдняў беларускі рубель у адносінах да долара дэманструе аслабленне. Паралельна падобныя змены адбываліся і на расійскім валютным рынку. «Тое, што мы цяпер назіраем,
называецца кіраванай дэвальвацыяй», — гавораць маскоўскія аналітыкі. У Беларусі ж абмяркоўваюць прывязку курса беларускага рубля да расійскай плацежнай адзінкі.
Ваганні курсу беларускага рубля аператыўна пракаментаваў прадстаўнік Нацбанку. У эфіры праграмы «Сфера інтарэсаў» на тэлеканале «Беларусь 1» намеснік старшыні
праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны запэўніў, што да канца бягучага года курс беларускага рубля не наблізіцца да прагнознай адзнакі 9 150 рублёў за адзін долар. Ён нагадаў, што
Нацыянальны банк летась заявіў пра прыхільнасць да гнуткага курсаўтварэння. Усё грунтуецца выключна на попыце і прапанове валюты на ўнутраным рынку, падкрэсліў чыноўнік.
У адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі і прагнозамі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год быў закладзены разліковы курс 9 150 рублёў за 1 $. «Я мяркую, што ў
бягучым годзе мы не наблізімся да гэтай адзнакі, зыходзячы з той сітуацыі, якая сёння складваецца на ўнутраным валютным рынку, — сказаў прадстаўнік Нацбанку. На адчувальны рост
курсу долара за мінулы тыдзень паўплывалі ўнутраныя і знешнія прычыны. Імкліва развіваецца сітуацыя на міжнародным рынку. У апошнія паўтара-два тыдні значна слабее еўра.
“Гэта прадыктавана тым, што ідзе ўзмацненне недаверу з боку інвестараў да еўрапейскай валюты, — мяркуе намеснік старшыні Нацбанка. — За кошт таго што адбываюцца
няўстойлівыя тэндэнцыі на сусветным рынку ў пары «долар-еўра», курс беларускага рубля за апошні тыдзень змяніўся вялікімі прапорцыямі і значнымі лічбамі ў параўнанні са стандартнай
сітуацыяй, якую мы назіралі напрыканцы кожнага месяца ў бягучым годзе».
Эканаміст Леанід Заіка падкрэслівае — у рамках інтэграцыйных працэсаў стабільнасць беларускага рубля залежыць не толькі ад аб’ёмаў гандлю і золатавалютных рэзерваў. Падаюць цэны на
нафту — вагаецца валюта Расіі як сыравіннай дзяржавы. Эксперт гаворыць, што ў Беларусі цяпер нямала расійскіх рублёў, найперш на дэпазітах у банках. Транзакцавыя аперацыі выраўноўваюць
суадносінамі паміж беларускім і расійскімі рублямі, то бок беларускі рубель будзе суадносіцца з доларам у прапорцыі, блізкай суадносінам расійскага рубля з доларам.
Разам з тым расійскія аналітыкі сцвярджаюць, што знешніх фактараў для ўмацавання расійскай рубля няма — сусветныя цэны на нафту працягваюць падзенне на фоне асцярог інвестараў з нагоды
сітуацыі ў эканоміцы Еўропы, што можа абваліць попыт на сыравіну.
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч не бачыць вялікага страху ў ваганні курса беларускага рубля. “У нас рубель прывязаны да кошыку валют, а не да расійскага рубля. Калі нейкая
валюта вагаецца, то беларускі рубель на гэта рэагуе. Долар на сусветным рынку цяпер даражэе, расійскі рубель падаў, таму натуральнае і некаторае абясцэньванне беларускага рубля. Але падкрэсліваю
— вялікіх праблем у гэтых ваганнях я не бачу, — гаворыць эксперт.
Мінулагодняя шокавая тэрапія навучыла беларусаў трымаць нос па ветру. Перамены ў курсах рубля пачынаюць абрастаць здагадкамі, магчыма, таму апошнім часам прадстаўнікі Нацбанку актыўна
“свецяцца ў прэсе. Так, намеснік старшыні НБ РБ Сяргей Дубкоў заяўляў, што Нацбанк не мае намеру рэзка скарачаць стаўку рэфінансавання. «Рэзкае зніжэнне працэнтных ставак
прывядзе да адтоку ўкладаў у нацыянальнай валюце і да ператоку ў іншыя формы зберажэнняў, а з другога боку — да хуткага росту аб’ёмаў крэдытавання эканомікі. У выніку сітуацыя ў
грашова-крэдытнай сферы і эканоміцы можа значна пагоршыцца, аж да паўтарэння 2011 года», — патлумачыў спецыяліст.
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова заявіла, што ўжо ў чэрвені можна чакаць чарговы транш крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. “Мы лічым, што пытанне выдзялення
Беларусі крэдыту прынцыпова вырашана, таму што калі прэзідэнт Расіі ўжо пра гэта сказаў, то наўрад ці хтосьці рашыцца не падпісваць гэты дагавор. Тым больш, мы выканалі практычна ўсе ўмовы і зрабілі
нават больш, чым было прапісана першапачаткова ў дамове», — зазначыла старшыня Нацбанку Беларусі. Трэці транш крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС чакаецца на суму 440 мільёнаў
долараў. Два першыя траншы былі пераведзеныя ў мінулым годзе. Агульны памер крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС для Беларусі складае 3 мільярда долараў. Сродкі будуць паступаць у рэспубліку шасцю
траншамі на працягу 2011–2013 гадоў.
Таксама на сярэдзіну восені запланаваныя чарговыя перамовы з Міжнародным валютным фондам аб магчымасць новай праграмы для Беларусі. Нагадаем, для Беларусі сур’ёзнай задачай ёсць не толькі
падтрыманне ўнутранай эканамічнай сітуацыі, але і разлікі па знешніх пазыках. Па інфармацыі Нацбанку, сёлета плануецца сплаціць па знешніх пазыках 18,917 мільярда долараў, прычым пагашэнне
дзяржаўнага знешняга доўгу прадугледжвае выплаты ў суме толькі 1,785 мільярда долараў.
Станіслаў Багданкевіч гаворыць, што выплаты па дзяржаўных пазыках складаюць менш за 2 мільярда. “Калі не зможам заплаціць сваімі рэсурсамі, а для выплаты такой сумы ў нас хапае
рэзерву, возьмем крэдыт. Наконт гэтай сітуацыі я ніколі не думаў, што ёсць нешта крытычнае. Камерцыйныя банкі таксама маюць знешнюю крэдыторскую запазычанасць, але гэта іх справа, — гаворыць
спецыяліст. — Мой прагноз: калі сітуацыя будзе прыблізна такой, як цяпер, і валютна-гаршовая палітыка не зменіцца, будзе даволі жорсткай дзяржаўная фінансавая лінія, то мы зможам назіраць
вялацякучае абясцэньванне рубля ў адносінах да долара. Думаю, напрыканцы года долар будзе каштаваць ад 9 да 10 тысяч беларускіх рублёў. Абвалу чакаць не варта.