Адключыць ваду, а на пенсію — з 80 гадоў

Гэты ліст 92-гадовы дзед Яўсей з вёскі Стары Двор перадаў праз нашага журналіста, каб мы перадалі яго кіраўніку Беларусі. Дзядуля прапануе арыгінальныя шляхі вырашэння дзяржаўных праблем.

karovy_3.jpg


І хаця ёсць рызыка, што менавіта да гэтага голасу народу ўлады могуць і прыслухацца, мы ўсё ж вырашылі надрукаваць ліст з невялічкімі скарачэннямі. Бо за арыгінальнымі прапановамі дзеда Яўсея прасочваецца цяжкае жыццё беларускай вёскі ў ХХІ стагоддзі.

Паважаны таварыш прэзідэнт!

 

Я пражыў шмат гадоў, перажыў некалькі рэжымаў і акупацый і жыву, дзякаваць Богу, далей. Але ніколі ў жыцці не пісаў лістоў начальству, а сёння вырашыў напісаць асабіста вам, таварыш прэзідэнт. Хоць не вельмі я адукаваны чалавек, скончыў некалі ў роднай вёсцы толькі 7 класаў польскай школы, але вырашыў напісаць так, як атрымаецца, таму што гляджу тэлевізар і бачу ў ім, і чую ў ім адны непрыемнасці і праблемы. І з усімі гэтымі праблемамі вам трэба разбірацца, і ўсё гэта на вашы плечы. Але паспрабуй разабрацца, хаця вопыт прэзідэнцтва ў вас ёсць, вы ж ужо 22 гады прэзідэнт, як быццам бы ім нарадзіліся. Праўда, я ў калгасе пастухом адпрацаваў 37 гадоў, але і з такім стажам былі праблемы: то пачнуцца калоцца адна з адной каровы, то ўцячэ, бывала, якая ў канюшыну ці ў буракі — то ледзьве яе знойдзеш. І вопыт не дапамагаў. А каровы розныя бывалі, як і людзі: адны любіць цімафееўку, другія — лубін, трэцяй падавай бражку пасля таго, як выганіш самагонкі. І людзям сёння, таварыш прэзідэнт, не дагодзіш: то заробку ім мала, то працы няма, то пенсія малая. І наогул, з гэтай пенсіяй — адна неразбярыха. І з пенсійным узростам таксама праблемы. Таму я хачу вам падказаць, дапамагчы, усё ж жыццёвы вопыт у мяне вялікі. Бо вашы гэтыя міністры і міністаркі нічагусенькі не хочуць думаць і вырашаць, толькі ведаюць хутчэй будаваць нейкія катэджы ў сталіцы. Там і так месца няма, а яны лезуць і лезуць, будуюць і будуюць. Няхай прыязджаюць у наш Стары Двор — тут месца на ўсіх міністраў і міністарак хопіць. А вось наконт пенсійнага ўзросту яны не падумалі. Але я вам дапамагу.

 

Я ж пайшоў на пенсію ў 60 гадоў, і ўжо 32 гады яе атрымліваю. Гэта значыць, я 32 гады самым звычайным адкрытым чынам абкрадаю бюджэт дзяржавы, які і так трашчыць, як плот на марозе. Таму я прапаную вам паслухаць мяне і пачаць усім выдаваць пенсіі з 80 гадоў: і мужчынам, і жанчынам. Дажыў да 80-ці, калі ласка, урачыста атрымлівай тое, што ты заслужыў. А хто не дажыве да 80-ці — значыць, не заслужыў быць пенсіянерам з пенсіяй. Тады і пытанне з гэтым будзе вырашана назаўсёды. Ёсць і другая прапанова: так і быць, падтрымаю вашых міністраў і міністарак. Калі яны задумалі раней па ўзросту даваць пенсію пенсіянерам, то няхай даюць, і няхай гэтыя пенсіянеры яе атрымліваюць да 80 гадоў, а потым пенсіі болей не даваць: няхай гэтых старых глядзяць дзеці, унукі і праўнукі. Ну, скажыце, навошта мне сёння пенсія? Як толькі атрымаю, дык унучкі і праўнучкі тут як тут… і я пенсію толькі ў руках патрымаю — і ўсю аддаю, нават і не ведаю, як выглядаюць тыя паперкі, ці, як унукі кажуць, — купюры.

 

Я ўсё жыццё пражыў у вясковай хаце. Натаплю печы бярозавікамі — цёпла, аж да трусоў распранаўся. А цяпер усе жывуць пры выгодах: печы тапіць не трэба, ваду ў печы грэць не трэба, бо ў кватэрах і хатах цёпла, а з кранаў цячэ гарачая і халодная вада. І яшчэ аплачваць, бач, не хочуць. Такія выгоды павінны быць не дужа таннымі. Таму я прапаную: адключыць усе дамы ад ацяплення і не даваць вады. А калі хто пагаджаецца дорага за выгоды плаціць — тых і падключаць. Хто плаціць — той павінен і грэцца. Я так разумею, таварыш прэзідэнт. А тыя, хто не хоча плаціць, то няхай замярзаюць альбо прыязджаюць у Стары Двор. Хат у нашай вёсцы пустых вельмі шмат, хай засяляюцца ў любую хату, топяць печы дрывамі і жывуць. Гэта намнога будзе танней, чым у горадзе пры выгодах. А калі пойдуць у калгас свіней і кароў гадаваць, то ім дадуць лепшы будынак у аграгарадку, там таксама пустых будынкаў хапае, нават новыя пусцеюць.

 

Праўда, у калгасе нашым заробак пакуль не выплачваюць чацвёрты месяц, усе маладыя даяркі і свінаркі жывуць на вэксаль. Ці ведаеце вы, таварыш прэзідэнт, што такое жыць на вэксаль? Гэта амаль тое самае, як жыць пры камунізме. Калі не ведаеце, то я вам раскажу. Прыходзяць вяскоўцы ў краму і бяруць там усё, што ім хочацца. Потым падыходзяць да касы, прадавец усё палічыць і запіша ў чорны сшытак суму, на якую набрала тая ці іншая вяскоўка ці вясковец тавару. Калі праз дзень-другі зноў ідзеш у краму — паўтараецца тое ж самае. Глядзіш, за месяц і заробку не хопіць, бо сума расце, як грыбы пасля дажджу, ды і есці людзі хочуць штодня. Праўда, кажуць, што ў крамах ужо не хочуць на вэксаль даваць — бо вялікая запазычанасць вяскоўцаў перад магазінамі. А людзям ад адной бульбы ўжо жываты баляць…

 

Ёсць у мяне і шмат іншых прапаноў. Калі яны вас зацікавяць, таварыш прэзідэнт, звяртайцеся да мяне ў Стары Двор, заўсёды вам рады дапамагчы.

 

І яшчэ. Пісьмо гэта перасылаю праз газету «Новы Час» і прашу яго перадаць нашаму прэзідэнту.

 

Дзед Яўсей,
вёска Стары Двор