Адраджэнню мовы і народнай спадчыны надаецца пільная ўвага ў Ванелевіцкім дзіцячым садку

У аграгарадку Ванелевічы пражываюць каля 500 чалавек. Вёска размешчаная ў 7 кіламетрах ад Капыля.

img_20211224_131829_logo.jpg

У Ванелевіцкім дзіцячым садку Капыльскага раёна добра разумеюць значэнне роднай мовы для развіцця інтэлектуальных здольнасцяў малых. Тут выхаванне і навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту хоць і адбываюцца на двух дзяржаўных мовах, але асноўнай мовай выхавання і навучання застаецца родная — у тым ліку, улічваючы пажаданні бацькоў.

Перыяд развіцця ад нараджэння да 6 гадоў з'яўляецца найбольш адказным за фарміраванне інтэлектуальных і фізічных здольнасцяў дзіцяці. Для беларускіх сем'яў, ссунутых у рускамоўнае асяроддзе, тут ёсць праблемы. Дзіцяці бацькі-беларусы перадаюць генетычную сінаптычную матрыцу, якая арыентаваная на мову іх продкаў (беларускую мову), а выхоўваюць на іншай мове. (Навукоўцы таксама лічаць, што рэсурсаў генэтычнай сінаптычнай матрыцы дастаткова, каб дзіця авалодала і іншымі мовамі).

118___kopija.jpg

Яўгення Цітова, загадчыца дзяржаўнай установы адукацыі «Ванелевіцкі дзіцячы сад» распавяла карэспандэнту НЧ пра некаторыя аспекты вучэбнага і выхаваўчага працэсу.

І Яўгенні Цітовай ёсць што расказаць, паколькі дзіцячы сад пад яе кіраўніцтвам неаднаразова ўдзельнічаў у разнастайных раённых і абласных конкурсах-аглядах ды і займаў прызавыя месцы. За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі дзіцячы сад называўся «лепшай установай дашкольнай адукацыі ў сельскай мясцовасці». У 2018 годзе садок заняў 2-е месца ў раённым конкурсе-аглядзе вучэбных дапаможнікаў і дыдактычных гульняў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, развіццё беларускай мовы ў выхаванцаў.

— У нас створаны разнастайныя тэматычныя зоны для сюжэтна-ролевых гульняў, у працэсе якіх дзеці вучацца арыентавацца ў розных кірунках практычнага жыцця: «Бальніца», «Крама», «Дом», «Стаматалогія», «Фермер», «Аўтазапраўка», « Вугалок прыроды», «Куток пажарнай бяспекі» і іншыя, — распавяла Яўгення.

img_3016_3_logo.jpg
sam_4767.jpg

У 2021-м годзе быў абсталяваны «Цэнтр тэатральнай дзейнасці», дзе прадстаўлены розныя віды тэатраў па матывах казак. Ён найбольш запатрабаваны дзецьмі. Вершы, загадкі, прымаўкі, прыказкі, казкі, творчае складанне невялікіх апавяданняў садзейнічаюць развіццю памяці дзяцей, моўных, і творчых здольнасцяў і шырока скарыстоўваюцца ў працы траіх выхавальнікаў.

З 2021-га па 2024 год ва ўстанове рэалізуецца праект «Развіццё нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі беларускіх народных гульняў».

— Вельмі важна далучыць дзяцей дашкольнага ўзросту да гісторыка-культурных традыцый роднага краю, важна, каб у дзяцей фарміраваліся пазітыўнае стаўленне да нацыі беларусаў, — гаворыць загадчыца дзіцячага сада. — Ранняе знаёмства з беларускімі народнымі гульнямі — неад'емная частка развіцця нацыянальнай свядомасці асобы, якая пачынае адчуваць сябе часткай нацыі, сваёй малой радзімы, любімай краіны. Бо ў беларускіх народных гульнях умоўна адлюстроўваюцца і рэчаіснасць, і святая гісторыя нацыі, і лепшыя традыцыі культуры, педагогікі, звычаі, непаўторны нацыянальны каларыт. Яны павінны захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням.

Ва ўстанове «Ванелевіцкі сад» удзяляюць увагу не толькі мове, але і адраджэнню нацыянальных традыцый, народнай спадчыны, усебаковаму развіццю дзяцей. Усе праекты, выхаваўча-культурніцкія сцэнарыі розных мерапрыемстваў і святаў цяжка пералічыць.

Да прыкладу, творчыя выхавальнікі з 2008 года і да гэтага часу ажыццяўляюць праект «Сацыяльна-маральнае развіццё дашкольнікаў пры дапамозе пазнання соцыуму ва ўмове сельскай мясцовасці». Калі перакласці цяжкую назву праекта простымі словамі — знаёмяць выхаванцаў з традыцыйным побытам беларусаў, далучаюць да гісторыі культуры народа. Ды не толькі ў тэорыі, але і на практыцы!

У выніку сумесных намаганняў выхавальнікаў, тэхнічнага персаналу і бацькоў створаны вельмі цікавы міні-музей «Беларуская хатка». Частка экспанатаў знаходзіцца на двары ў выглядзе сялянскага падвор'я. На гэтай тэматычнай пляцоўцы выхавальнікі пры любым надвор'і маюць магчымасць праз гульні далучаць дзяцей да нашай гістарычнай спадчыны.

— Народная культура — найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў, — падсумоўвае важнасць такой працы Яўгенія Цітова напрыканцы гутаркі. І з гэтым немагчыма спрачацца. Застаецца толькі пашкадаваць, што не ўсе маленькія беларусы маюць магчымасць наведваць падобныя дзіцячыя садкі, у якіх творчыя педагогі могуць навучыць любові да Радзімы.