Алег Трусаў: Таварыства беларускай мовы адновіцца пры першай магчымасці
Гісторык і палітык, адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў закрытага ўладамі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў распавёў пра гэта «Рацыі»: «У нашай дзейнасці амаль нічога не змянілася, як мы гаварылі па-беларуску, там мы і будзем гаварыць. Як змагаліся за беларускія школы, так і будзем змагацца».
Алег Трусаў — гісторык і
палітык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання, адзін з лідараў
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Таму і спектр тэмаў, якія ён
абмеркаваў у размове з журналістамі — шырокі: ад лёсу Таварыства беларускай
мовы да лёсу краіны.
— Адбыўся чарговы, 21-ы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Што цікава, у краіне не сціхаюць рэпрэсіі, але партыям дазваляюць працягваць дзейнасць у адрозненні ад грамадскіх арганізацый, якія амаль што ўсе цалкам знішчаныя. Чаму?
— Трэба сказаць, што грамадскія арганізацыі былі больш шматлікія. Калі ў ТБМ было як мінімум 6.5 тысячаў, то ў нашай партыі ад сілы трохі больш за тысячу. Таму першы ўдар нанесены па грамадскіх арганізацыях, бо яны значна больш уплывовыя, і мелі больш шырокія сеткі і структуры. Што тычыцца партый, то яны невялікія і лепш кантралююцца ўладамі. Чым менш людзей, тым прасцей кантраляваць. Хутчэй за ўсё, партыі яшчэ пакідалі, бо думалі, што зменяць канстытуцыю, будуць партыйныя спісы. А грамадскія арганізацыі былі найбольш масавыя, там былі дзясяткі тысяч грамадзянаў, калі ўсіх скласці. Чаму? Бо іх шмат, яны адзін аднога ведаюць, і яны ўяўляюць небяспеку падчас выбараў і акцыяў.
— Што рабіць гэтым закрытым арганізацыям? Пагадзіцца з тым, ці зноўку пачнецца працэс аднаўлення?
— Не ведаю, як іншыя арганізацыі, але сябры ТБМ як працавалі на Беларусь, так і працуюць. У нашай дзейнасці амаль нічога не змянілася, як мы гаварылі па-беларуску, там мы і будзем гаварыць. Як змагаліся за беларускія школы, так і будзем змагацца. Страціла ўлада, бо ў нас быў офіс, і мы плацілі ўладам 2000 рублёў, цяпер проста не будзем плаціць. Пры першай магчымасці мы адновімся.
І ўвогуле — лічыць Алег Трусаў — уся Беларусь вельмі хутка акрыяе і ўздымецца, калі пазбавіцца інспіраванага з Усходу ціску.