Алесь Белы: Нават за кратамі хапала тых, хто падтрымліваў Лукашэнку, Пуціна, вайну ва Украіне

Гісторыка Алеся Белага затрымалі 17 сакавіка, разам з ціктокерам Мікітам Бялевічам і арт-менеджарам Алегам Ларычавым. Кожны атрымаў па 15 сутак арышту. Сёння Алесь Белы ўжо на волі, ён расказаў «НН» пра свае сумныя прыгоды.

Алесь Белы. Фота з сацыяльных сетак

Алесь Белы. Фота з сацыяльных сетак

«Мы здымалі відэа для майго ціктоку — ролік салідарнасці з Украінай. Але гэта было максімальна бяскрыўдна, нават не ўжывалася слова «вайна», — згадвае спадар Алесь. — Я проста расказваў пра культуру, гастраномію, народныя песні, выказваў спадзеў, што, нягледзячы на цяжкі час, Украіна выстаіць…
Да ўкраінскай амбасады мы не палезлі, бо гэта магло быць небяспечна. Здымалі каля помніка Шаўчэнку на аднайменным бульвары.
Мікіта Бялевіч быў там як аператар.
І тут нам падвярнулася нейкая пільная «ябацька» — звычайная жанчына, троху за 60, якая ішла міма. Напэўна, спрацавалі трыгеры: стаіць група людзей каля помніка, размаўляе на беларускай мове, нешта здымае на тэлефоны… І гэтая жанчына падышла да нас, пачала лаяцца: «Что вы тут снімаете какую-то пропаганду?» Пазваніла ў міліцыю.
А мы на той момант ужо збіраліся разыходзіцца. Але раптам з’явіліся міліцыянты — патруль ППС. Не ведаю, па выкліку той «ябацькі» ці не, можа проста праязджалі міма, бо надта ўжо хутка яны там аказаліся.
І ўсё».
Белы кажа, што патлумачыў міліцыянтам пра ролік, нават паказаў ім тэкст, які казаў на камеру, паказаў ім свой канал у ціктоку, знятае відэа. Не дапамагло.
«Нас адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Там спачатку ўсё было ветліва, праглядзелі тэлефоны, выклікалі на размовы паасобку. Дакалупацца не было да чаго, нават у тэлефонах нічога «экстрэмісцкага» не знайшлі.
Але ж час і высілкі ўжо на нас патрацілі, наш цікток-кантэнт ім сацыяльна не блізкі — таму нам проста сфальсіфікавалі пратаколы. Маўляў, ужо ў РУУСе мы нібыта «аказалі непадпарадкаванне»: адмаўляліся выходзіць з машыны, махалі рукамі, чапляліся за вопратку міліцыянтаў.
Нейкі час нас пратрымалі ў камеры ў аддзяленні, пасля адвезлі на Акрэсціна.
Цікава, што ў міліцыі мне пратакол нават не паказалі. Я ўбачыў яго толькі на Акрэсціна, а ў судзе даведаўся, што я быццам бы ў РАУСе адмовіўся яго падпісваць».
Суд быў класічны беларускі: па скайпе, з ананімным сведкам-міліцыянтам са стандартным псеўданімам Александровіч. Белы, Ларычаў і Бялевіч атрымалі па 15 сутак.


На матэрыялах справы яшчэ ў РУУСе ставяць літару «К», сцвярджае Белы. Гэта значыць, што па ўсім ланцужку, ад суддзі, да надзіральнікаў, да людзей з катэгорыі «К» будуць ставіцца жорстка, з парушэннем іх правоў.
«Я трапіў у кепскую камеру: намінальна гэта была камера на аднаго, карцар ці нешта падобнае, бо адзін ложак, прышпілены да сцяны, невялікі столік, металічны табурэт.
Але ў гэтай камеры самае меншае было шасцёра зняволеных, самае большае — дзесяць. Сукамернікі казалі, што раней колькасць чалавек у гэтай «аднушцы» даходзіла і да трынаццаці, — расказвае Алесь Белы. — Ложак ніколі не адшпільвалі, бялізны, падушак і матрацаў таксама не давалі. Спалі мы проста на падлозе з кафлі.
Перыядычна ў камеру падкідвалі «коцікаў» — так там ласкава называюць бяздомных, у якіх вошы. Чаму «коцікі» — бо, прабачце, «блахастыя».
Бяздомных закідвалі проста назло, у якасці дадатковага пакарання палітычных і дзеля антысанітарыі, каб на іншых перапаўзлі вошы, што пасля і адбылося.
Гэта ўжо стандартная практыка на Акрэсціна, што таксама паказчык, бо ў нармальнай краіне гэтыя бяздомныя былі б кліентамі сацыяльнай службы, а не турмы.
Але гэтым «коцікам» дазвалялася прыносіць верхнюю вопратку, каб выкарыстаць яе ў якасці матраца. На палітычных такія прывілеі не распаўсюджваліся.
Святло не выключалі ўначы, пару разоў пагражалі хлоркай, калі бачылі, што нехта ўдзень спрабуе паспаць».
У гэтай камеры Алесь правёў амаль тыдзень. Пасля Акрэсціна «разгрузілі» перад Днём Волі.
 «24-га нас перавезлі ў Магілёў. Відавочна, каб мець рэзерв вольных камер на Дзень Волі. Крымінальнікі казалі, што ў Магілёве будзе лепш, больш свабоды, курыць дазваляюць, даюць бялізну. Але, напэўна, гэта было для «звычайных» сядзельцаў, а не для нашай «катэгорыі «К».
Бо па маіх адчуваннях, у Магілёве ўвогуле «канкрэтная глыбінная Русь», якая ненавідзіць і Мінск, і Захад, і ўсё на свеце. Там у камеры былі шконкі, але надзіральнікі сачылі, каб прапорцыя была не менш чым 2,5 чалавека на адну шконку. Гэта значыць, на чатыры шконкі ў камеры заўсёды будуць трымаць 10-11 чалавек. Калі некалькі чалавек вызвалялася і станавілася трохі лягчэй, нас проста перакідвалі ў меншую камеру, каб захоўвалася цесната.
У Магілёве ўсё рабілі «праз кайданкі» і заламваючы рукі. Быў адмысловы прыніжальны рытуал: тройчы на дзень загадвалі распрануцца да майткоў, пасля прасунуць рукі ў «кармушку», на іх накідвалі кайданкі. Затым людзей выводзілі, ставілі тварам да сцяны, рукі на сцяну, ногі максімальна шырока. Некаторыя надзіральнікі любілі пабіць ботамі па нагах, каб ты развёў іх максімальна шырока, амаль на шпагат.
Адначасова камеру і вопратку зняволеных нібыта правяралі з металашукальнікам. А людзей прымушалі здымаць майткі і па тры разы прысесці, — кажа Белы. — Сядзелі людзі розныя. Літаральна на адну ноч з намі прывезлі мастака Алеся Цыркунова, якога затрымалі на судзе над Алесем Пушкіным.
Тры дні разам з пераведзенымі з Мінска (але не ў маёй камеры) праседзеў мясцовы грэка-каталіцкі святар айцец Васіль Ягораў, якога затрымалі за налепку на машыне «Прабач, Украіна». Ён адмовіўся ад ежы, а потым яго судзілі і далі штраф 1600 рублёў.


Былі ідэйныя «бчбшнікі», але ці не большасць цяперашніх сядзельцаў — гэта людзі, на якіх трапілі выпадкова. Напрыклад, быў нейкі хапун, хто трапіўся пад руку, тых забралі, пасля праверылі тэлефоны: ага, стары рэпост, распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, 15 сутак. Большасць жа атрымлівае суткі быццам бы «за непадпарадкаванне» — гэта значыць, што людзей затрымалі, але не знайшлі нічога сапраўднага, за што можна было асудзіць.
Раней жа Караеў казаў, што трэба стварыць атмасферу, каб на міліцыянта звычайныя грамадзяне баяліся вочы падняць. І гэта няўхільна выконваецца.
З намі сядзеў украінец, які доўга пражыў у Беларусі, меў ВНЖ, працаваў таксістам. Уначы праехаў на чырвонае святло па пустой дарозе, але аказалася, што ў цемры да пешаходнага пераходу падыходзілі работнікі пазаведамаснай аховы. Ён іх не бачыў, паехаў сабе, але яны яго бачылі, заўважылі нумар. Праз пару гадзін мужчыну затрымалі: і замест праблем па лініі ДАІ пачалі палохаць крыміналкай за спробу «наезду на міліцыянтаў». У выніку таксісту намалявалі «непадпарадкаванне», асудзілі спачатку на 12 сутак, пасля вызвалення тут жа перазатрымалі і далі яшчэ 15. Такія апалітычныя людзі, на якіх карная сістэма проста сцвярджае сваё ўсеўладдзе, — абавязковы кампанент катэгорыі «К» на дадзены момант».
Белы мяркуе, што затрыманне яго і калегаў было, з аднаго боку, выпадковасцю.
«Але з іншага боку — і не зусім. Бо канцэнтрацыя «пільных грамадзян» сёння дастаткова высокая, — тлумачыць ён. — І нават за кратамі хапала тых, хто ў той ці іншай ступені падтрымліваў Лукашэнку, Пуціна, вайну ва Украіне».