Жыхароў Калінкавічаў асудзілі за тое, што яны «падыйшлі і проста стаялі»
Траіх жыхароў Калінкавічаў асудзілі за падзеі 27 лютага, калі па ўсёй краіне былі анансаваныя антываенныя акцыі, паведамляюць праваабаронцы.
Згодна з пратаколам:
«Была заўважана масавая колькасць грамадзян, а менавіта 3 жанчыны і 3 мужчыны, якія ў прысутнасці іншых грамадзян, якія праходзяць, доўгі час знаходзіліся на адным месцы без руху, чым публічна дэманстравалі свой масавы збор»;
«Яны падышлі адно да аднаго і проста стаялі. З мэтай спынення неправамерных дзеянняў з боку дадзеных асоб, мною было паведамлена пешаму нараду аб тым, што адбываецца»;
«[Грамадзяне] зноў сабраліся разам і працягнулі сваё публічнае знаходжанне без руху на адным месцы, у сувязі з чым дадзеная група грамадзянаў была затрыманая супрацоўнікамі».
Вядома, што дзвюм жанчынам прысудзілі 70 і 15 базавых штрафу (2240 і 480 рублёў адпаведна), мужчыну – 800 рублёў штрафу. Ніхто з асуджаных не прызнаў сябе вінаватым у тым, што здзейсніў нешта супрацьпраўнае.