Ананіч сітуацыю са СМІ не палепшыць

Лілія Ананіч выконвала абавязкі міністра інфармацыі ад 4 чэрвеня. Эксперты не былі адзіныя ў думцы, што менавіта Ананіч зойме пасаду міністра. І тым не менш.



ananic.jpg

Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) юрыста Андрэя Бастунца, Лідзія Ананіч з’яўляецца адным са старажылаў у беларускай сістэме ўлады і, менавіта, у сістэме міністэрства па інфармацыі, бо гэтае ведамства за шмат год неаднаразова мяняла сваю назву. Ананіч прыйшла ў гэтую сістэму ў 1992 годзе, яшчэ да таго, як Аляксандр Лукашэнка ачоліў краіну.

У 2001 годзе яна стала намеснікам, а пазней — першым намеснікам міністра інфармацыі. “Міністры прыходзілі і сыходзілі, а вось Лілія Ананіч заставалася на сваёй кіроўнай пасадзе і паступова набліжалася да найвышэйшай пасады ў міністэрстве”, — канстатуе Бастунец. Таму юрыст не мяркуе, што пасля таго, як Ананіч стала ў галаве Мінінфарма, яе стаўленне да незалежных журналістаў і недзяржаўных СМІ неяк зменіцца. 

Што тычыцца Ліліі Ананіч як чыноўніцы, то, на думку Бастунца, яна адпавядае ўсім задачам, якія службоўцам такога рангу выстаўляе цяперашняя дзяржава, і свае абавязкі яна будзе выконваць так, як ад яе гэтага запатрабуюць.

Ад персанальна самой Ананіч не будзе залежаць палёгка ці пагаршэнне становішча незалежных медыя і журналістаў, мяркуе намеснік старшыні БАЖ. “Гэта залежыць ад таго, якія задачы ставяцца перад такім чыноўнікам больш высокім кіраўніцтвам. І ў тым, што гэтыя задачы будуць выконвацца, у мяне няма сумневу. А вось у тым, што гэтыя задачы будуць больш дэмакратычнага ці ліберальнага парадку, я сумняюся. Хаця, хто яго ведае”, — падсумаваў Андрэй Бастунец. 

Ананіч пад нумарам 110 знаходзіцца ў “чорным спісе” беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейсукага Саюза. У час яе дзейнасці ў Мінінфарме з падпісных каталогаў “Белпошты” і кіёскаў “Белсаюздрука” былі выдалены незалежныя друкаваныя выданні. Апроч таго, Лілія Ананіч ўласнаруч падпісвала афіцыйныя парярэджанні “Новаму Часу”, часопісу Arche, баранавіцкай газеце “Intex-press” ды іншым. Мінулым вераснем Ананіч падпісала дыкумент пра спыненне працы выдавецтва “Логвінаў” за прадукаванне альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”.

Лілія Ананіч (Яцэвіч, 1960 году нараджэння) у 1982-м годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ, а ў 2000-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана дзвюма ганаровымі граматамі Савета Міністраў.