Лілія Ананіч прызначаная міністрам інфармацыі
Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня прызначыў міністрам інфармацыі Лілію Ананіч, якая раней займала пасаду першага намесніка міністра, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Нагадаем, ранейшы міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, які займаў гэтую пасаду з снежня 2009 года, быў адпраўлены ў адстаўку 4 чэрвеня ўказам прэзідэнта. Прычына адстаўкі не называлася.
Выконваючым абавязкі міністра была прызначаная Ананіч.
Лілія Ананіч нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Лявонава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (1982) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
(2000). З 1982 па 1984 гады працавала фотакарэспандэнтам раённай газеты «Шлях камунізму». З 1984 па 1992 гады - рэдактар, а затым старшы рэдактар НДІ сродкаў аўтаматызацыі ў
Мінску. З 1992 па 1996 гады - рэдактар, галоўны спецыяліст, намеснік начальніка ўпраўлення СМІ Міністэрства культуры і друку. З мая 1996-га па лістапад 2001 працавала намеснікам начальніка,
начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржкамітэта па друку. З лістапада 2001-га па лістапад 2003 займала пасаду намесніка міністра інфармацыі. У снежні 2003 года была прызначаная першым
намеснікам міністра інфармацыі.
БелаПАН