Арэстовіч: Беларускае войска сабатуе ўварванне ва Украіну
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у эфіры «UA РАЗАМ» пракаментаваў магчымы ўдзел войска Беларусі ў вайне супраць Украіны на баку Расіі.
Аляксей Арэстовіч адзначыў, што, паводле ўкраінскіх звестак, цяпер беларускае войска не гатовае да ўварвання ў краіну і проста сабатуе яго, афіцэры і салдаты прынцыпова заяўляюць, што не хочуць гэтага рабіць.
Ён падкрэсліў, што з 47 тыс. беларускіх вайскоўцаў баяздольныя толькі 17 тыс. З іх найбольш баяздольная Віцебская брыгада.
У сваю чаргу, аўтар тэлеграм-канала «Белорусский порядок» мяркуе, што «ёсць дастаткова прыкмет, што войскі Лукі былі гатовыя пайсці следам за расійскімі сіламі ўварвання неўзабаве пасля "рэферэндуму"». Але, на яго думку, «выгляд падпаленых танкавых калон астудзіў запал вусатага генералісімуса, і нейкі час ён нават паспрабаваў пагуляць у міратворца і пасярэдніка», пасля чаго ў Мінску пачалі гаварыць «пра тое, як іх спрабуюць зацягнуць на бойню».
«На паўнавартаснае ўварванне войска рэжыму не здольнае — там не так шмат баяздольных частак, і тыя патрэбныя на выпадак хваляванняў унутры краіны. Нашы УС востраць на падаўленне НУФ [незаконных узброеных фарміраванняў. — Заўв. рэд.] (чытай, партызанаў), зачыстку мясцовасці і таму падобнае. Прарываць абарону добра абсталяванага суперніка, мякка кажучы, яны не гатовыя. Ды і Луку таксама будзе непрыемна, калі яго непераможная на паперы войска панясе першыя страты, сутыкнуўшыся з рэальнасцю, бо гэта не ахоўваць пусты стэп у Казахстане. Таму ў поўнамаштабнае ўварванне я не веру», — піша ён.
Пры гэтым аналітык не выключае варыянту «баязлівага заходу на паўшышачкі» дзеля нібыта абароны Чарнобыльскай АЭС і мяжы ад дыверсантаў.