Арганізатарам Дня Волі ў Мінску пагражае пакаранне за адмову плаціць за паслугі міліцыі

«Да 15 сутак арышту можам атрымаць, за спробу аспрэчыць парушэнне з боку МУС дамовы аб ахове мерапрыемства на Дзень Волі ў Кіеўскім скверы», — напісаў на сваёй старонцы ў фейсбуку адзін з арганізатараў Дня Волі ў Мінску Юрась Губарэвіч.

55908435_2372220166143835_1632342835271303168_n_1.jpg


Ён паведаміў, што днямі разам з Вольгай Кавальковай, Ігарам Барысавам і Мікалаем Казловым атрымалі з УУС Цэнтральнага раёну Мінска пратаколы аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 ч2. (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 20 да 40 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.

57604465_2398144456884739_3601954578825740288_n.jpg


«Нам у віну ставяць адсутнасць аплаты за паслугі міліцыі па выцячэнні 10 дзённага тэрміну пасля правядзення мерапрыемства. Пры тым, што пытанне з аплатай у гэты момант мы спрабуем вырашыць у рамках грамадзянскага кодэксу, накіраваўшы ў УУС прэтэнзію на парушэнне дамовы і неякасна аказаныя паслугі.
Атрымліваецца, што калі міліцыі вельмі хочацца, то грошы яна возьме любым спосабам, нават з адсоткамі», — адзначае Губарэвіч.
Нагадаем, што заяўнікі акцыі ў Кіеўскім скверы адмовіліся аплачваць паслугі міліцыі, бо акрамя сумнеўнасці такіх пабораў з пункту гледжання Канстытуцыі, ёсць пытанні да выканання міліцыяй сваіх абавязкаў падчас акцыі. 
Падчас мерапрыемства невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку Зміцера Дашкевіча і Віталія Рымашевскага. «Гэта было менавіта выкраданне, а не затрыманне, бо на нападніках не было знакаў адрознення, яны не прадставіліся і не назвалі прычыны “затрымання“. Прысутныя на мерапрыемстве супрацоўнікі міліцыі ў форме адмаўляліся рэагаваць на гэты інцыдэнт і нават паведаміць, хто каардынуе іх працу ў Кіеўскім скверы».
Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся на пунктах пропуску, незаконна не дазвалялі ўдзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі. На спробы атрымаць тлумачэнні такіх паводзінаў міліцыянты нічога не адказвалі і пагражалі затрыманнямі.
Фота з фейсбука Юрыя Губарэвіча