Арганізатары Дня Волі падалі заяўку на канцэрт на «адной з тусовочных моладзевых пляцовак»
Арганізатары канцэрта-мітынгу ў Мінску да Дня Волі падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне мерапрыемства 22 сакавіка на «адной з тусовочных моладзевых пляцовак Мінска». Пра гэта TUT.BY распавёў старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.
Як растлумачыў палітык, арганізатары прасілі ў гарадскіх уладаў дазвол правесці канцэрт ля Опернага тэатра ці Палаца спорту, але ім адмовілі. Таму давялося шукаць альтэрнатыўную пляцоўку.
— Гэта альтарнатыўная пляцоўка, бо напярэдадні не была ўзгоднена наша прапанова аб уключэнні святкавання Дня Волі ў план гарадскіх мерапрыемстваў. Мы прапаноўвалі пляцоўкі каля ратушы, каля Палацу спорту і каля Опернага. У Мінгарвыканкаме нам далі зразумець, што на гэтыя пляцоўкі нам нельга разлічваць, і таму мы прапанавалі альтэрнатыву. Сказалі, што будуць думаць. Адзінае, мы прасілі даць адказ нам хутчэй, каб можна было займацца нармальнымі анонсамі і рэкламай мерапрыемства, — распавёў Барысаў. Пра якую менавіта пляцоўку ідзе гаворка, арганізатар не гаворыць, каб гэта не стала фармальнай прычынай адмовы Мінгарвыканкама.
Барысаў таксама падкрэслівае, што мітынг-канцэрт на Дзень Волі 2020 — гэта працяг традыцыі 2018 і 2019 гадоў, калі быў зменены фармат мерапрыемства з пратэстнага на святочны. Такім чынам аргкамітэт хоча «прыцягнуць увагу да ідэалаў і каштоўнасцей БНР больш шырокай аўдыторыі».
Нагадаем, у канцы студзеня аргкамітэт, куды ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская партыя і рух «За Свабоду», абвясцілі збор грошай на правядзенне канцэрта-мітынгу ў Мінску да Дня Волі.
Паводле tut.by