«Баюся вяртацца ў частку». Салдата пакідаюць служыць пасля магчымага прыпадку эпілепсіі
Андрэя Баброва прызвалі на тэрміновую службу ўвосень мінулага года. Маці салдата расказвае, што забіралі проста са шпіталя, піша «Радыё Свабода».
Ураджэнец Буда-Кашалёва Андрэй Баброў пайшоў служыць у войска 28 лістапада 2018 году, трапіў у вайсковую частку нумар 18662 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Але праслужыў крыху больш за два тыдні. 15 сьнежня служба маладога салдата нечакана прыпынілася.
«Сутаргі, пена з рота»
«Прыпадак эпілептычны ў мяне здарыўся падчас службы, — расказвае Андрэй Баброў. — Пасля мяне паклалі ў Вайсковы шпіталь. Не лячылі, гэта ж не лечыцца. Цяпер гавораць, што калі яшчэ раз паўторыцца, то камісуюць. Адправім дадому. А зараз ідзі служы».
Па словах Баброва, такое з ім здараецца не першы раз. Папярэдні быў каля года таму, тады ён да медыкаў не звяртаўся.
«Я амаль нічога не памятаю пра сам прыпадак, толькі як ён пачынаўся, — расказвае Андрэй Баброў. — Што адбывалася пазней, не ведаю. Памятаю толькі, што падымаўся па лесвіцы, потым закружылася галава, і ўсё. Апрытомнеў толькі, калі везлі ў шпіталь у „хуткай“. Саслужыўцы гаварылі, што сутаргі былі ў мяне, пена з рота ішла».
Пасля гэтага выпадку Андрэй некалькі дзён правёў у санчастцы пад назіраннем. 2 студзеня яго перавялі ў Вайсковы шпіталь у Минску. Даюць вітаміны, зрабілі энцэфалаграму. Яна выявіла ачаг паталагічнай актыўнасці.
«Паставілі дыягназ — генералізаваны прыступ, — працягвае салдат. — Як я зразумеў, гэта адна з класіфікацый эпілепсіі. Не ведаю, чаму дыягназ менавіта такі. Пазваніў маці, яна званіла на гарачую лінію Мінабароны. Там адказалі ёй, што ўсё дактары вырашаюць. Я зараз баюся ў частку вяртацца з такім дыягназам. Каб усё нармальна было, я б даслужыў. А так не разумею, што будзе. Калі б тады побач на лесвіцы са мной нікога не было, невядома што магло б здарыцца. Урач патлумачыў, што прыпадак можа паўтарыцца ў любы момант. Праз тыдзень, праз месяц. Хоць зараз можа здарыцца».
На рукі ў Вайсковым шпіталі Андрэю ніякіх дакументаў, у тым ліку з ягоным дыягназам, не далі. Усё накіроўваюць у частку ў Слуцак. Салдат сваіх папер не бачыць. Выпісаць Баброва абяцаюць у бліжэйшыя дні.
«Сына ў войска забралі амаль са шпіталя»
«Мне сказалі, што магу скаргу напісаць у Мінабароны, — кажа маці Андрэя Аксана. — Я не ведаю, што будзе. Прыпадак можа паўтарыцца, але ўрач вырашыў вярнуць яго ў частку. У сына галава заўсёды балела. І на прысязе мы былі, ён скардзіўся. А праз некалькі дзён пасля прысягі мне самі пазванілі з медчасткі, жанчына, і расказала, што вось такое здарылася з сынам, эпілепсія, і Андрэя забралі ў Слуцак з моцнымі сутаргамі. Там яму кропельніцу ставілі, да 2 студзеня быў у Слуцку, потым у Минск павезлі».
Аксана Баброва кажа, што сын увогуле трапіў у войска памылкова. Расказвае, што лекар-неўролаг нават выпісала адтэрміноўку, але гэта не дапамагло.
«Перад самым прызывам у Андрэя было страсенне мозгу, ён ляжаў у шпіталі, — дадае жанчына. — Пазванілі з ваенкамату, праз дзень сына выпісалі з бальніцы, яшчэ праз дзень забралі ў армію. Вазілі ў Гомель, прызналі прыдатным і забралі».
Пасля выпадку са стратай прытомнасці ў вайсковай частцы Аксана звязвалася з ротным афіцэрам сына. Той паглядзеў асабістую справу Андрэя Баброва і сказаў, што ў ёй нічога ні пра эпілепсію, ні пра іншыя хваробы няма. Хоць, па словах жанчыны, яе сын неаднаразова атрымліваў адтэрміноўкі ад службы праз хваробы.
Ротны афіцэр Андрэя Баброва каментаваць сітуацыю адмовіўся. Удзень 18 студзеня салдата выпісалі з Вайсковага шпіталя і вярнулі ў часць.
Расклад хваробаў
У Беларусі заканадаўча замацаваны спіс хваробаў, пры якіх прызыўнік (альбо салдат тэрміновай службы) можа атрымаць пэўны ўзровень прыдатнасці альбо быць вызвалены ад службы ў мірны ці нават ваенны час. Гэта супольная пастанова Мінабароны і Мінздароўя, якая мае афіцыйную назву «Расклад хваробаў». Знайсці дакумент можна на сайце pravo.by.
Эпілепсія ў «раскладзе хваробаў» вынесеная ў асобны, 21-ы пункт. Прызыўнікоў з гэтым захворваннем прызнаюць непрыдатнымі да службы ў мірны час (пры адзінкавых выпадках эпілепсіі) альбо непрыдатнымі да службы з выключэннем са спісу вайсковаабавязаных (пры частых выпадках — тры і больш за год).
«Наяўнасць прыпадку павінна быць пацверджаная медыцынскімі дакументамі, — гаворыцца ў пастанове. — Таксама могуць быць прынятыя пад увагу сведчанні відавочцаў, калі апісаныя імі прыпадак і пасляпрыпадачны стан даюць падставу лічыць прыпадак эпілептычным. У сумнеўных выпадках належыць запытваць дадатковыя звесткі па месцы жыхарства, вучобы, працы, праходжання вайсковай службы (...)».