Базы даных МУС Беларусі па-ранейшаму недаступныя: папаўзлі панічныя чуткі

З 8 ліпеня доступ да ведамасных інфармацыйных сервісаў МУС часова прыпынены. У міністэрстве паведамілі, што ў цяперашні час праводзяцца планавыя прафілактычныя працы на сетцы перадачы даных, адна з прычын сітуацыі — анамальная спякота.

ілюстацыйнае фота

ілюстацыйнае фота


Афіцыйна

«Супрацоўнікі міліцыі ўлічваюць сітуацыю, якая склалася пры штодзённай працы, і з разуменнем падыходзяць да ацэнкі кожнага асобна ўзятага выпадку пры звароце грамадзян, — гаворыцца ў паведамленні МУС. — Спецыялістамі ведамства ў цяперашні час робяцца ўсе неабходныя меры для хутчэйшага аднаўлення бесперабойнага функцыянавання сервісаў. Працаздольнасць інфармацыйных рэсурсаў плануецца цалкам аднавіць на працягу тыдня».

У Міністэрстве ўнутраных спраў прыносяць прабачэнні за часовыя нязручнасці, піша оnliner.by.


А скаргі працягваюцца

Цяжка ўявіць колькасць людзей, якіх у рэшце рэшт кранула гэтая праблема. Выдача нумароў, рэгістрацыя, аплата штрафаў, нават атрыманне пашпартоў — усё пастаўлена на вымушаную паўзу.

«Мы арганізацыя. Павінны былі выдаць нумары ў суботу ў ДАІ, у Ждановічах — не выдалі. У акенцы сказалі, што невядома, калі выдадуць. Пайшлі лаяцца да начальства, маўляў, машына рабочая і не можа месяц стаяць. Тым больш па лізінгу пойдзе штраф за непастаноўку на ўлік у дзесяцідзённы тэрмін», — распавёў карэспандэнту «Onliner» чытач.

Папаўзлі чуткі, што вядзецца праца па аб'яднанні ведамасных баз МУС Беларусі і Расіі, але пакуль гэта толькі чуткі. Афіцыйна, нагадаем, гаворыцца толькі аб правядзенні планавых прафілактычных работ.

Іншы чытач паведаміў аб тым, што немагчыма атрымаць новы пашпарт: паводле яго слоў, у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі аднаго з раённых РУУС Мінска яму сказалі, што сістэма зламалася па ўсёй рэспубліцы і таму не могуць друкаваць пашпарты.

«Ставіў машыну на ўлік 9-га чысла, на аўтарынку ў Малінаўцы. Сказалі, нумары зробяць праз 2 тыдні толькі», — распавёў яшчэ адзін аўтаўладальнік.