БХД: місія выкананая
Ад 18 сакавіка пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Але частка палітычных гульцоў, якія заяўлялі пра фармальны ўдзел у выбарах, як у палітычнай кампаніі, ужо падводзяць яе вынікі.
Галасаванне іх мала цікавіць, абвясцілі на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідары аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і Віталь Рымамшэўскі.
Для БХД, фактычна, гульня ў мясцовыя выбары скончылася. Павал Севярынец, як заўсёды, адзначыў, што выбараў у Беларусі няма, але дадаў такую дэфініцыю, што «кандыдаты ў дэпутаты — паняцце таксама ўмоўнае». Тым не менш, па ягоных словах, «прамоўцы» БХД «падавалі подпісы ў так званыя выбарчыя камісіі, рэгістраваліся, хто мог, і працавалі па сацыяльнай тэматыцы ў кожным горадзе, незалежна ад таго, рэгістравалі гэтыя так званыя выбарчыя камісіі іх ці не». Па ягоных словах, такім чынам у мясцовай кампаніі ўзялі ўдзел больш за 120 актывістаў і прыхільнікаў БХД.
Вынікам гэтай кампаніі, па планах БХД, мусіць стаць стварэнне своеасаблівага «мясцовага самакіравання», актывісты якога будуць распрацоўваць альтэрнатыўны план развіцця сваіх рэгіёнаў, альбо нават «арэалаў пражывання» (аж да планаў развіцця вёсак) ды працяг сацыяльных кампаніяў.
«Трэба канстатаваць, што з пастаўленымі задачамі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» справілася», — аптымістычна канстатаваў Павал Севярынец. З яго слоў, у час мясцовай кампаніі ў БХД з’явілася каля 100 новых сябраў і некалькі соцень чалавек запісаліся ў «прыхільнікі БХД». Акрамя таго, зараз ёсць сістэма назірання, якая дазволіць ускрываць факты фальсіфікацыі падчас працэсу галасавання. Гэта прыкладна 250 назіральнікаў, шчыльна звязаных з кампаніяй «Права выбару».
Праўда, невядома, навошта БХД назіральнікі. Гэтая палітычная структура яшчэ увосень мінулага года заявіла пра тое, што ніякіх выбараў у Беларусі не існуе з прычыны маштабнага парушэння ў краіне правоў чалавека. А таму БХД заявіла: аніякіх вынікаў гэтых выбараў яна не прызнае, і будзе дамагацца таго, каб пра гэтую пазіцыю даведаліся і беларускія грамадзяне, і замежныя партнёры аргкамітэту.
Хада выбарчай кампаніі, адзначыў Віталь Рымашэўскі, паказала ўсю слушнасць пазіцыі БХД у гэтым пытанні. Ён нагадаў, што першапачаткова прамоўцамі ад БХД павінны былі стаць калія 230 чалавек па ўсёй краіне. Аднак ужо на стадыі планавання кампаніі частка з іх зазнала ціск па месцы працы альбо вучобы. На першы этап кампаніі — рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, выйшлі каля 180 чалавек, якія шляхам, так бы мовіць, «скрыжаванага апылення», вылучаючы аднаго кандыдата ў саветы розных узроўняў, сфармавалі аж 251 ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты.
На этапе збору подпісаў улады сталі актыўна перашкаджаць БХД. Менавіта на гэты час прыпадаюць першыя спробы разагнаць пікеты БХД па зборы подпісаў сіламі міліцыі. Як вынік, да падачы сабраных подпісаў з 180 прэтэндэнтаў дайшоў 131 «прамоўца». Некаторыя ж прамоўцы сабраныя за іх подпісы не падавалі ў выбарчыя камісіі свядома, паколькі гэтыя ж подпісы скарыстоўваліся пад рознымі зваротамі за вырашэнне мясцовых і агульнанацыянальных праблемаў.
На трэцім этапе — рэгістрацыі кандыдатаў, улада выкрасліла са спісу прамоўцаў БХД амаль 75% удзельнікаў. З 131 прэтэндэнта кандыдатамі былі зарэгістраваныя толькі 41 чалавек, і тое двое — праз суд. Пакуль яны судзіліся за сваю рэгістрацыю, быў страчаны час на агітацыю.
Увогуле, гэтую кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў Віталь Рымашэўскі назваў самай горшай выбарчай кампаніяй з 2006 года. А самае горшае ў тым, як заўважыў Рымашэўскі, што на сёння выбары праводзяць не выбарчыя камісіі, а фактычна органы ўнутраных спраў. «Органы МУС узялі на сябе функцыі выбарчых камісій па кантролю за правядзеннем агітацыі і паўсюдна сумесна з прадстаўнікамі выбарчых камісій праводзілі рэпрэсіі супраць незалежных дэмакратычных кандыдатаў. На ініцыятыўныя групы па вылучэнні дэмакратычных кандыдатаў аказваўся псіхалагічны ціск, яны падвяргаліся штрафам, затрыманням, былі зафіксаваныя шматлікія факты перашкоды правядзення збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні дэмакратычных кандыдатаў і агітацыі. Узровень рэпрэсій і ціску, што аказваўся на дэмакратычныя сілы цягам выбарчай кампаніі 2014 году значна пераўзышоў усе папярэднія выбарчыя кампаніі, якія праводзіліся ў краіне з 2006 года. Упершыню падчас правядзення выбарчай кампаніі быў зафіксаваны факт выкрадання лідара адной з палітычных партый — Анатоля Лябедзькі супрацоўнікамі МУС непасрэдна перад яго ўдзелам у выбарчым пікеце. Упершыню «парушэнні» выбарчай агітацыі кантралявалі не выбарчыя камісіі, а органы МУС. І яны ж праводзілі рэпрэсіўныя дзеянні (перашкода ў правядзенні пікетаў, псіхалагічны ціск, пагрозы, затрыманні, штрафы) у дачыненні да незалежных дэмакратычных кандыдатаў за нібыта парушэнні правіл вылучэння кандыдатаў і правядзення выбарчай кампаніі», — заўважыў Рымашэўскі.
Тое, што БХД не прызнае і не будзе прызнаваць вынікі маючых адбыцца выбараў, тым не менш, не паўплывае на працу тых, хто на гэтых выбарах прамаўляў ад імя БХД.
У прыватнасці, тыя «прамоўцы», хто зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, і «завязаны» на сістэму назірання «Права выбару», здымацца напярэдадні галасавання не будуць. Бо яны, па словах Севярынца, якраз і ідуць на выбары для таго, каб ускрыць сістэму фальсіфікацый. А тыя,ж хто хацеў зняцца з выбараў, ужо зняліся.
«Мы акцэнт робім не на тое, што нехта ідзе да канца, а нехта з выбараў здымаецца. Таму што і тыя, і другія разумеюць, што выбараў няма. У нас многія былі прыхільнікамі байкоту, але, тым не менш, збіралі подпісы, каб папрацаваць з людзьмі і вырашыць іх сацыяльныя пытанні. Тыя ж, хто застаўся на выбарах — гэта людзі, якія дапамагаюць назіральнікам ускрыць факты фальсіфікацый», — адзначыў Севярынец.
Але тут, як кажуць, «глядзіце за рукамі». Па падліках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», каля 90% акругаў у Беларусі — безальтэрнатыўныя. Найбольшы «кандыдацкі конкурс» — у абласныя і Мінскі гарадскі саветы. Між тым, значная колькасць кандыдатаў ад БХД высунутая менавіта ў раённыя альбо сельскія саветы — прынамсі, пра гэта казаў той жа Севярынец на папярэдняй прэс-канферэнуцыі. Ва ўмовах, калі кандыдат ад БХД безальтэрнатыўны, а мяжа яўкі на мясцовых выбарах скасаваная, амаль немагчыма прызнаць выбары несапраўднымі, каб не дапусціць у мясцовы савет БХДшніка.
Як будуць пачуваць сябе тыя, хто, згодна з «генеральнай лініяй партыі» не прызнае вынікі выбараў, але адначасова выйграе іх у сваёй акрузе і становіцца дэпутатам?
З гэтай праблемай, як сказаў Севярынец, «паспяхова змагаюцца выбарчыя камісіі, афармляючы тых, хто выйграў, як прайграўшых». Але ён не выключыў, што, як і ў 2010 годзе, адзінкавыя выпадкі ўключэння сяброў БХД у мясцовыя саветы будуць. «Такія людзі могуць у нас быць. Але што тыя, хто ўдзельнічае ў кандыдацтве, што тыя, хто проста працуе на сваіх акругах — для нас гэта «народныя дэпутаты». Мы глядзім не на фальшывую сістэму так званых выбараў, а на рэальную працу людзей. А рэальная праца людзей — гэта зараз 120 чалавек, якія ўзворваюць свае акругі і працуюць незалежна ад таго, будуць яны фармальна дэпутатамі, альбо не. Праца дэпутатаў мясцовых саветаў мала чым будзе адрознівацца ад працы тых, хто быў незаконна пазбаўлены рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, альбо проста нават подпісы не падаваў», — заўважыў Севярынец.
Такім чынам, БХД ужо вызначылася са сваімі дэпутатамі мясцовых саветаў па краіне. Час галасавання для хрысціянскіх дэмакратаў — час паглядзець на фальсіфікацыі і, як кажуць і інтэрнэтах, «проста паржаць».