Мінчукі падалі ў суд на Мінгарвыканкам

У жніўні 2013 года мінчукі пры падтрымцы ініцыятывы "Наша Кунцаўшчына" і аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" сабралі больш за 500 подпісаў з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні з прычыны моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Мінска.



timthumb5.jpg

З тых часоў усе інстанцыі, у якія падаваліся звароты, дасылалі толькі адпіскі, маўляў, вада добрая і няма аб чым турбавацца. Пры гэтым галоўнае патрабаванне правесці шырокія грамадскія слуханні ігнаравалася.

Тады ў Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў былі пададзеныя скаргі на дзеянні менскіх чыноўнікаў. Аднак звароты былі проста перанакіраваныя ў Мінгарвыканкам, на дзеянні якога і скардзіліся мінчукі. У выніку ніякага адказу ад менскіх чыноўнікаў па сутнасці так і не было атрымана.

У сувязі з гэтым ад імя 570 падпісантаў была дасланая скарга на Мінгарвыканкам у суд Маскоўскага раёна Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія не па сутнасці і халатна выконвалі свае абавязкі, і галоўнае — дамагчыся правядзення шырокіх грамадскіх слуханняў па праблеме моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менска. Справа прынятая да разгляду. Судовае паседжанне прызначанае на 28 сакавіка на 11.00 (праспект Газеты "Праўда", 27).

Прэсавая служба БХД