Беларус фінішаваў у адным з самых цяжкіх марафонаў з нацыянальным сцягам
Журналіст Зміцер Ягораў узяў удзел у Афінскім класічным марафоне ў Грэцыі, гісторыі якога больш за 2,5 тысячы гадоў, паведамляе Радыё Свабода. Яна звязаная з паданнем пра грэцкага героя Фідзіпіда, які бег з навіною ад Марафона да Афінаў, каб абвесціць аб перамозе грэкаў над пэрсамі. Учынак Фідзіпіда скончыўся для яго трагічна, ён памёр на фінішы.
Афінскі класічны марафон лічыцца адным з самых складаных.
Зміцер Ягораў прабег 42 кіламетры за 4 гадзіны 17 хвілінаў 33 секунды. На 16.45 мінскага часу беларус быў на 5 476 месцы. Сёлета ў забегу прымаюць удзел каля 18 500 чалавек.
«З сабою я ўзяў наш сцяг, бо ён дадае сілы на апошніх кіламетрах. Калі яго разгортваеш, то разумееш, што застаецца толькі адное — наперад. Забываешся на момант на боль, стому. Гэта вельмі хвалюючы момант для мяне» — распавёў Зміцер Ягораў.
Ён быў не адзіным беларусам у Афінскім класічным марафоне. У ім бралі ўдзел і сябры мінскага клубу I run.
Зміцер Ягораў працуе на Белсаце. Ён вядзе блог, дзе дзеліцца досведам, як пачаць бегаць з нуля.