Беларусь верне Расіі брудную нафту з «Дружбы» да сярэдзіны жніўня

Да сярэдзіны жніўня Беларусь мае намер выцесніць назад у Расію 620 тысяч тон бруднай нафты. Тая нафта, якая паступае з Расіі сёння, старанна правяраецца, яе якасць адпавядае стандартам.

48691337_303.jpg


Беларусь у пятніцу, 21 чэрвеня, пачала выцясненне ў бок Расіі забруджанай арганічнымі хларыдамі расійскай нафты ў трубаправодзе Унеча-Полацк. Поўнае выцясненне бруднай нафты з беларускага ўчастку "Дружбы" завершыцца да 15 жніўня, гаворыцца ў заяве "Белнафтахіма".
Паводле дадзеных "Белнафтахіма", на тэрыторыі Беларусі ў трубаправодах знаходзіцца каля 620 тысяч тон некандыцыйнай нафты, якая цалкам будзе выцеснена да сярэдзіны жніўня. Па ўсіх беларускіх участках нафтаправода "Дружба" вядзецца ўзмоцнены кантроль якасці нафты, якая паступае з Расійскай Федэрацыі, гаворыцца ў паведамленні, і аналізы паказваюць яе добрую якасць.
Нафтаправод для пастаўкі неабчышчанай нафты "Дружба" даўжынёй 5100 кіламетраў праходзіць па тэрыторыі васьмі еўрапейскіх краін і лічыцца самым доўгім у свеце. У канцы красавіка Расія сутыкнулася з перабоямі ў экспарце па "Дружбе" з-за забруджвання нафты. Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў (бензіну і дызельнага паліва) ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі з-за рэзкага зніжэння якасці расійскай нафты, якая паступае на нафтаперапрацоўчыя заводы краіны.
Паводле dw.com