Беларуская стабільнасць за 2,5 гады перамог над яе ворагамі цяпер уздрыгвае ад кожнага шоргату
Усё, што трэба ведаць пра дасягненні беларускай дыпламатыі. Расія прапанавала Казахстану пастаўкі газу па кошце «значна ніжэйшым, чым, дапусцім, Беларусі». А Казахстан яшчэ і сумняваецца, ці хоча ён гэты газ наогул браць, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Ведаеш, я сумняваўся, пра што табе сёння сказаць. Зразумела, напрошвалася расказаць пра тое, што Варонеж часова перайменавалі ў Белгарад. А потым падумаў: «Ай» (і рукой так махнуў лёгенька). Ну бамбілі раней увесь час Варонеж — цяпер вырашылі ўнесці разнастайнасць. Каму ад гэтага якая розніца, акрамя Белгарада?
Дак лепш я табе раскажу пра навіну з Казахстана. Таму што гэтая навіна прайшла неяк амаль незаўважанай. І, што характэрна, асабліва незаўважанай яна прайшла ў беларускім тэлевізары.
У чацвер міністр энергетыкі Казахстана Алмасадан Саткаліеў паведаміў, што Расія прапанавала Казахстану пастаўкі газу па кошце «значна ніжэйшым, чым дапусцім, Беларусі». Наколькі канкрэтна ніжэйшым, ён, праўда, не ўдакладніў. Мабыць, каб канчаткова ўжо не хваляваць беларускіх кале.
Таму што газ па $128,5 быў жа найвялікшым дасягненнем беларускай дыпламатыі і вянком саюзнай інтэграцыі. Практычна альфай і амегай усёй беларускай дзяржаўнай палітыкі. Гадамі беларускія ўлады гандляваліся, інтрыгавалі і здзяйснялі геапалітычныя манеўры, каб мець газ па $128,5 у трохгадовай сярэднетэрміновай перспектыве. Даінтрыгаваліся да статусу бліжэйшага саюзніка і саўдзельніка спецыяльнай аперацыі.
І раптам Расія бярэ і прапануе Казахстану, у якога ніякага такога статусу і блізка няма, газ па кошце, які «значна ніжэйшы». А Казахстан яшчэ і сумняваецца, ці хоча ён гэты газ наогул браць. Таму што, улічваючы, што расійскі газ стаў персонай нон-грата на сваіх звычайных рынках збыту, цана, якая «значна ніжэйшая за беларускую», можа аказацца занадта высокай. А беларускім уладам давялося яшчэ доўга ўгаворваць РФ — і ўсё роўна ў іх «значна ніжэй» не атрымалася. Таму што, праўду кажучу, навошта прапаноўваць беларускім уладам кошт «значна ніжэйшы», калі ім усё роўна няма куды дзявацца з расійскага вайсковага карабля?
А год таму стабільнасць у Казахстане таксама пацярпела. Ды яшчэ можа і мацней за беларускую. Але ўладзе Казахстана неяк вось хапіла паўгода, каб гэтую стабільнасць стабілізаваць. І восенню мінулага года прэзідэнт Казахстана абвясціў амністыю ўдзельнікам пратэстаў і рэформы па абмежаванні прэзідэнцкай улады. І цяпер прэзідэнту Казахстана не трэба ў сябе прымаць ніякага Пушыліна. І ніякія англасаксы яму яго стабільнасць не хістаюць. Ён можа сабе дазволіць нейтралітэт, прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а яму ўсё роўна прапануюць газ па кошце, які «значна ніжэйшы».
А беларуская стабільнасць, за два з паловай гады перамог над яе ворагамі, дайшла да такога стану, калі яна ўздрыгвае ўжо ад кожнага шоргату ля сваіх меж. І даводзіцца прасіць у саюзніка асаблівыя гарантыі бяспекі, таму што звычайныя гарантыі бяспекі больш не дапамагаюць.