Беларускія друкарні адмовіліся друкаваць незалежную «Газету Слонімскую»
Гродзенская друкарня апавясціла рэдакцыю газеты «Газета Слонімская», што друк газеты не ўяўляецца магчымым — «у сувязі з аб'ёмам загрузкі і высокай ступенню зносу газетнай друкарскай машыны».
1 чэрвеня ГОУПП «Гродзенская друкарня» апавясціла ПУП рэдакцыі газеты «Газета Слонімская», што друк газеты не ўяўляецца магчымым, паведамляе прэс-служба БАЖ.
«Сапраўдным паведамляем вам, што ў ГОУПП "Гродзенская друкарня" ў сувязі з аб'ёмам загрузкі і высокай ступенню зносу газетнай друкарскай машыны графік выхаду газет на 2021 год сфармаваны да канца года. Зыходзячы з вышэй сказанага, друк газеты "Газета Слонімская" не ўяўляецца магчымым», — гаворыцца ў паведамленні.
Неабходна адзначыць, што «Газета Слонімская» супрацоўнічала з Гродзенскай друкарняй на працягу васьмі гадоў. А 9 лістапада 2020 года выпуск дзвюх газет — грамадска-палітычнай газеты «Газета Слонімская» і рэкламнай газеты «Отдушина» быў прыпынены на паўгода.
Рашэнне аб прыпыненні выпуску газет было прынятае пасля таго, як сілавікі пры правядзенні ператрусу ў лістападзе мінулага года канфіскавалі ўсю тэхніку ў рэдакцыі і дома ў выдаўца і дырэктара. Выпускаць газеты ў такіх умовах было немагчыма, таму было прынятае рашэнне аб прыпыненні выпуску «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина».
У пачатку траўня 2021 года было адпраўленае апавяшчэнне ў Міністэрства інфармацыі аб аднаўленні выпуску «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина». 24 траўня Міністэрства інфармацыі ўнесла абедзве газеты ў рэестр друкаваных СМІ. Не бяруцца друкаваць «Газету Слонімскую» і газету «Отдушина» брэсцкая і пінская друкарні — яны спасылаюцца на загружанасць вытворчасці і шчыльны графік друку, які быў сфармаваны ў пачатку года.
Так што — адзначае рэдакцыя — друкаваная версія «Газеты Слонімскай» выходзіць пакуль не будзе.