Беларусы з касмічным праектам трапілі ў паўфінал конкурсу NASA
Да 15 траўня нашых суайчыннікаў можна падтрымаць у галасаванні на сайце конкурсу.
Хакатон NASA Space Apps прайшоў у Мінску ў канцы красавіка. Праект беларусаў Wake Up NEO апынуўся ў спісе 25 лепшых ідэй з усяго свету і атрымаў шанец на перамогу, паведамляе tut.by.
Над «касмічным» праектам працавалі мінчукі Аляксандр Мікуліч, Максім Пілецкі, Аляксей Миюсов, Сяргей Бялько і Павел Кумейша.
«Канчатковая мэта — ідэнтыфікацыя, супастаўленне і класіфікацыя астэроідаў, у тым ліку небяспечных для Зямлі, паўаўтаматычна машыннымі метадамі, — распавёў Аляксандр Мікуліч, загадчык мінскім планетарыя і адзін з аўтараў праекта. — У тэорыі гэта можа дапамагчы чалавецтву пазбегнуць долі дыназаўраў».
Цяпер ідзе галасаванне за лепшыя ідэі. Каб аддаць свой голас, неабходна націснуць кнопку Vote Now на старонцы праекта. Галасаваць можна адзін раз у суткі да 15 траўня. Пяць ініцыятыў, якія будуць мець найбольшую падтрымку, трапяць у фінал конкурсу. Галоўны прыз — магчымасць назіраць запуск касмічнага апарата ў космас.
Хакатон NASA Space Apps сабраў сёлета больш за 1200 праектаў з 160 гарадоў па ўсім свеце. У паўфінал трапіла 25 лепшых задумак, вылучаных журы на публічнае галасаванне. Арганізатарам конкурсу выступіла NASA - Нацыянальнае ўпраўленне па паветраплаванні і даследаванню касмічнай прасторы ЗША.
Паводле belaruspartisan.org